Пералік бязвізавых для беларусаў краінаў папоўніўся Іранам


Грамадзянам Беларусі з 4 лютага не будзе патрэбная віза ў Іран для турыстычных паездак, паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ісламскай рэспублікі IRNA. Бязвізавых для беларусаў дзяржаваў стане 44.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вежа Азадзі ў Тэгеране, Іран.
Фота: Sattar Daghi / Pexels

Як адзначае іранскае медыя, Тэгеран «у аднабаковым парадку» пастанавіў скасаваць візы для грамадзянаў 28 дзяржаваў. Акрамя Беларусі, у пераліку, напрыклад, Узбекістан, Кыргызстан, Харватыя, Японія, Сербія, Боснія і Герцагавіна, шэраг краінаў Афрыкі і Блізкага Усходу.

Дасюль турыстычная віза каштавала для беларусаў 15 еўраў.

Ісламскую рэспубліку нельга лічыць папулярным турыстычным кірункам для грамадзянаў нашай краіны. У 2022 годзе, паводле Белстату, амаль 40 % усіх замежных паездак беларусаў прыпала на Турцыю, далей у гэтым рэйтынгу – Егіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Грузія, Польшча, Італія і Грэцыя.

У больш падрабязнай статыстыцы адносна выязнога турызму за 2021 год Белстат апублікаваў топ-15 найпапулярнейшых кірункаў, на першым месцы быў Егіпет (амаль 218 тысячаў беларускіх турыстаў), на апошнім – Грэцыя (908).

Іранцы могуць наведваць нашую краіну без беларускіх візаў, але з пэўнымі ўмовамі:

  • прыбыццё ў Беларусь праз аэрапорт;
  • зваротны квіток на самалёт;
  • дзейная шматразовая віза дзяржаваў ЕЗ або шэнгенскай зоны з пазнакаю аб уездзе на іх тэрыторыю.
Інфаграфіка
Куды можна паехаць без візы з беларускім пашпартам? Мапа
2024.01.18 11:31

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў