Рост падаткаў і камуналкі, новая дапамога і санкцыі. Што чакае беларусаў у лютым


У лютым 2023 года беларусаў чакаюць, з аднаго боку, рост заробкаў і памеру дапамогі, а з другога – першая аплата падаткаў і камуналкі, якая падаражэла. Улады таксама плануюць заканадаўча пашыраць свае паўнамоцтвы і праводзіць усё новыя рэпрэсіі. А ў дачыненні ўжо да іх самых будуць уводзіцца новыя санкцыі. Мы сабралі галоўныя змены наступнага месяца.

Паліттэхнолаг і палітычны аналітык Валерыя Касцюгова.
Фота: радыё «Свабода»

6 лютага ў Менскім гарадскім судзе пачнуць судзіць палітолага Валерыю Касцюгову і заснавальніцу школы «Sympa» Таццяну Кузіну. Іх абвінавачваюць у змове з мэтаю захопу ўлады, закліках да санкцыяў і распальванні варожасці.

Вярхоўны Суд прызначыў на 10 лютага паседжанне ў справе скаргі галоўнага рэдактара інтэрнэт-парталу «Ежедневник» Сяргея Сацука. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры, перавышэнні службовых паўнамоцтваў і распальванні варожасці ды разладу і асудзілі на 8 гадоў. У зняволенні ў журналіста абвастрыліся праблемы са здароўем.

Новыя санкцыі

Еўразвяз у лютым можа прыняць у дачыненні ўладаў Расеі і Беларусі новыя санкцыі за агрэсію супраць Украіны, якія павінны, у тым ліку, закрыць існыя шчыліны. Пашырэнне санкцыяў на афіцыйны Менск анансавала старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Дзясяты пакет можа ўключаць абмежаванні для атамнага сектару Расеі, забарону на працу некаторых медыяў, адключэнне большай колькасці расейскіх банкаў ад SWIFT і спыненне гандлю дыяментамі.

Чэшская дачка «Raiffeisen Bank International» з 15 лютага спыніць правядзенне выходных плацяжоў і пераводаў у Беларусь і Расею. Зроблена гэта з прычыны «развіцця сітуацыі ва Украіне». Прымаць уваходныя плацяжы можна будзе, калі яны не супярэчаць дзейсным санкцыям. Раней адпаведныя абмежаванні ўвялі супраць Ірану, Афганістану, Судану і Сірыі.

Новыя кодэксы

У лютым–сакавіку, паводле старшыні ЦВК Ігара Карпенкі, можа быць прыняты законапраект аб змене Выбарчага кодэксу. Згодна з ім, плануюць увесці адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года, на які з 2022 і 2023 гадоў перанеслі мясцовыя і парламенцкія выбары.

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Палаце прадстаўнікоў у лютым таксама ў другім чытанні разгледзяць законапраект аб змене Бюджэтнага кодэксу. У прыватнасці, прэзідэнту дазволяць змяняць бюджэт у рамках бягучага года і пераносіць на пэўныя артыкулы новыя выдаткі. Таксама прадугледжаная крымінальная адказнасць за наўмысныя неналічэнне і нясплочванне абавязковых узносаў у ФСАН.

Пачынаецца вясновы набор у войска

У лютым пачнецца набор на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве грамадзянаў Беларусі мужчынскага полу, якім да дня набору споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрмінаванне, грамадзянаў прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрмінаванне, а таксама на службу ў рэзерве студэнтаў першага курсу ВНУ сельскагаспадарчага профілю, якія маюць права на адтэрмінаванне, але якія пажадалі прайсці такую службу.

Вырасце памер пенсіяў, заробкаў і дапамогі

З 1 лютага ў Беларусі павялічыцца бюджэт пражыткавага мінімуму (БПМ), да якога прывязаныя мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, аднаразовыя выплаты ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і некаторыя іншыя выплаты. БПМ у сярэднім на душу насельніцтва складзе Br 341,48 – гэта на 0,5 % вышэй у параўнанні з ранейшым нарматывам, які складаў Br 339,83.

Таксама ў Беларусі перагледзяць памеры дапамогі для дагляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Павелічэнне складзе каля 9 %. Дапамога на першае дзіця павялічыцца на Br 49,94 да Br 605,99, на другое і наступных дзяцей – на Br 57,08 да Br 635,48, на дзіця-інваліда – на Br 64,21 да Br 779,13.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У будаўнікоў у лютым павінны вырасці заробкі. Як паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, будзе перагледжаная стаўка 4-га разраду – яна павінна ўзрасці на 17 %.

Адсоткавыя стаўкі па крэдытах знізяцца

У лютым банкі знізяць адсоткавыя стаўкі па некаторых крэдытах для фізічных і юрыдычных асобаў. Гэта выкліканае тым, што Нацбанк перагледзеў разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР). Са студзеня РВСР для фізічных асобаў складзе 17,14 % (цяпер 18,24 %), а для юрыдычных асобаў – 12,82 % (цяпер 13,77 %). Гэтага ўзроўню не могуць перавышаць банкі, калі выстаўляюць адсоткавыя стаўкі па крэдытах.

Падаткі і камуналка з падвышанымі стаўкамі

З лютага пачнуць прымяняць павышаныя з 2023 года стаўкі падаткаў. Істотна вырасце адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асобаў, якія працуюць без ІП. Гэтак, для рэпетытараў у Менску падатак вырасце з Br 82 да Br 164 на месяц, а для будаўнікоў – з Br 292 да Br 438. Уладальнікам жа аграсядзібаў, напрыклад, трэба будзе плаціць Br 37 на месяц замест Br 31.

Акрамя таго, у лютым прыйдзецца плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі паводле новых ставак, якія з 1 студзеня павялічыліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

А ІП павінныя не пазней за 1 сакавіка заплаціць узносы ў ФСАН за 2022 год. Мінімальны памер – Br 2006,59, калі прадпрымальнік працаваў цягам усяго года.

Зноў плаціць за перасячэнне мяжы

З 1 лютага 2023 года да 1 студзеня 2025 года ў Берасцейскай, Віцебскай і Гарадзенскай вобласцях зноў уводзяць збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі мяжы Беларусі ў пунктах пропуску. Яго памер складзе Br 37.

Абновяць «базу дармаедаў»

У лютым чыноўнікі актуалізуюць базу незанятых у эканоміцы грамадзянаў. Тым, хто трапіць у яе і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, прыйдзецца аплачваць напоўніцу газ, ацяпленне і гарачую ваду. Базу абнаўляюць штоквартальна. Дакументы, якія пацвярджаюць працу або навучанне за мяжой, трэба падаваць у спецыяльную камісію да 21 кастрычніка, 21 студзеня, 21 красавіка і 21 ліпеня.

Цыгарэты даражэюць

З 1 лютага падаражэюць некаторыя маркі цыгарэтаў. Гэтак, на 20 капеек падаражэюць цыгарэты «Rothmans». На 30 капеек стануць даражэйшымі «Pall Mall», «Kent» і «Vogue».

«Беларусбанк» абмяжоўвае пераводы

«Беларусбанк» з 2 лютага абмяжуе аперацыі з карткамі. Афіцыйна – для абароны ад махляроў. Раней дзеяла абмежаванне на пераводы памерам Br 400 праз карткі клубу «Аксаміт» і Br 3000 праз іншыя дэбетовыя карткі банку за содні. Цяпер абмежаванне будзе дзеяць і пры пераводах паміж карткамі банку аднаго кліента, а таксама на карткі банку любімых асабістых нумароў. Адмяніць абмежаванне ўладальнік рахунку можа, калі патэлефануе ў кантакт-цэнтр праз нумар 147 або напіша заяву ў адным з аддзелаў банку.

Беларусбанк, банк, Минск
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама змяняюцца памеры абмежаванняў на перавод грошай для атрымання наяўных праз код у банкаматах (перавод «Хуткі»). Мінімальная аднаразовая сума пераводу павінна складаць Br 10, максімальная – Br 100. Акрамя таго, з выкарыстаннем адной карткі цягам содняў можна правесці не больш за дзве аперацыі на агульную суму, якая не перавышае Br 200. За чатыры дні максімальная колькасць аперацыяў з выкарыстаннем адной карткі не павінна перавышаць шасці на суму не больш за Br 600, а за 30 дзён – 15 пераводаў на суму не больш за Br 1500.

Гандаль БАДамі і піратэхнікай онлайн

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) прапанавала зняць забарону на онлайн-гандаль піратэхнікай, біялагічна актыўнымі дадаткамі (БАДамі), а таксама ветэрынарнымі прэпаратамі. Выказацца на гэтую тэму можна да 3 лютага. А да 24 лютага ў МАРГ можна накіроўваць прапановы для карэктавання заканадаўства аб рэкламных гульнях.

Паведаміць аб лізінгу аўтамабіля

У Беларусі ўвялі змены ў транспартны падатак для фізічных асобаў і кампаніяў. У прыватнасці, транспартны падатак налічваюць для выплаты арганізацыям або фізічным асобам, якія ўзялі ў лізінг або арэнду аўтамабіль. Таму арганізацыі-лізінгадаўцы абавязаныя да 20 лютага падаць у падатковую інспекцыю інфармацыю пра транспартныя сродкі, перададзеныя іншым асобам паводле дамоваў лізінгу, заключаных да 21 студзеня 2019 года. Размова пра транспарт, які не быў выкуплены лізінгаатрымальнікам або не зарэгістраваны ў ДАІ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Транспартаванне нафты даражэе

МАРГ на 9 % павялічыў з 1 лютага тарыфы на транспартаванне нафты праз Беларусь праз ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Таксама вырастуць тарыфы на транспартаванне нафты праз унутрырэспубліканскія маршруты, якое ўлічвае спрагназаваны ў Беларусі на 2023 год індэкс цэнаў вытворцаў прамысловай прадукцыі, а таксама ўдзельныя тарыфы на транспартаванне нафты ў транзітных кірунках.

Касмічная праграма

У лютым беларускага касманаўта павінны пачаць рыхтаваць да палёту на Міжнародную касмічную станцыю. У космас плануюць адправіць жанчыну. Сярод прэтэндэнтак дзве бортправадніцы «Белавія», судэкспертка, акушэрка-гінеколаг, дзіцячы хірург і малодшая навуковая работніца НАН Беларусі.

Школа: вакацыі і цэнтралізаваныя іспыты

У 2023 годзе мяняецца падыход да выніковай атэстацыі вучняў за курс сярэдняй школы. Выпускнікі адзінаццатых класаў замест чатырох экзаменаў будуць здаваць два ў форме цэнтралізаванага іспыту: адзін па беларускай або расейскай мове і адзін на выбар. Вучні да канца лютага павінны вызначыць прадмет, які будуць здаваць цэнтралізавана. Вынікі выпускных іспытаў у школе будуць залічваць пры паступленні ў ВНУ.

А вучні першага і другога класаў школаў атрымаюць бонус у выглядзе дадатковых канікулаў. Яны будуць адпачываць сем дзён – з 20 да 26 лютага.

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў