У жыхаркі Гомля правялі два ператрусы. Забралі кавалак пенапласту і 5 тысяч долараў

У чацвер, 28 студзеня, у гомельскай Навабеліцы адбылася сапраўдная зачыстка: мінімум у пяці маладых cем’яў зладзілі ператрусы, падчас якіх шукалі бел-чырвона-белыя сцягі, паведамляе радыё «Свабода».

Пасля ператрусаў людзі правялі па дзесяць гадзінаў на «апытанні» ў Навабеліцкім РАУС. Дадому вярнуліся не ўсе.

Дзмітрый Емельянчыкаў з невядомай прычыны трапіў у ізалятар. У хаце ў ягонай мацеры Валянціны зладзілі два ператрусы – у чацвер і пятніцу. Спачатку завіталі супрацоўнікі РАУС, на наступны дзень – ГУБАЗіК. Знайшлі сілавікі небагата: на гарышчы быў кавалачак белага пенапласту з чырвонай паласой. Забралі яго, ды яшчэ 5 тысяч долараў, якія Дзмітрый адкладваў на аўтамабіль.

«Пачалі папікаць нас: «Адкуль у вас, жабракоў, такія грошы?!» І адзін міліцыянт яшчэ наракаў, што, маўляў, ён працуе ўсё жыццё, а такіх грошай не мае. Хіба ў нас забаронена ўжо грошы ашчаджаць? Забаронена грошы мець?» – абурылася Валянціна.

У яе сына забралі тэлефоны і ўсю іншую тэхніку. Меркавана, у панядзелак адбудзецца суд.

ЯП, belsat.eu

Hавiны