Васіль Хамутоўскі публічна адмовіўся ад статусу палітзняволенага. Ён адбывае «хатнюю хімію»


Былы брамнік футбольнай зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскі, якога 29 снежня засудзілі на 2 гады «хатняй хіміі», запісаў відэаролік, у якім публічна адмовіўся ад статусу палітзняволенага. Ролік з’явіўся на старонцы Хамутоўскага ў «Instagram».

«Хачу звярнуцца да тых, хто без маёй згоды і без згоды маіх родных, за дзень да суда прызнаў мяне палітвязнем. Калі вы лічыце сябе праваабаронцамі, дык вы павінныя дапамагаць людзям, а не ствараць інфармацыйны шум за дзень да суда без згоды родных і сваякоў. Прашу не лічыць мяне палітвязнем», – сказаў Васіль Хамутоўскі.

Былога брамніка судзілі за ўдзел у пратэстах. У 2020-м ён падпісаў ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары. Потым зʼехаў з Беларусі. Затрымалі Хамутоўскага 30 верасня, калі ён прыехаў у Беларусь на лячэнне. 29 снежня суд Ленінскага раёну Менску засудзіў Васіля Хамутоўскага на 2 гады абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Васіля Хамутоўскага прызналі палітвязнем 27 снежня 2022 года.

Васілю Хамутоўскаму 44 гады. За зборную Беларусі выступаў у 2000–2008 гадах. Гуляў за менскае «Дынама», пазней трэнаваў «Крумкачоў», з 2018 года працаваў у берасцейскім «Дынама». У 2021 годзе трэнаваў брамнікаў у клубе «Аль-Файха» з чэмпіянату Саудаўскай Аравіі. Са студзеня 2022 года дапамагаў Алегу Дулубу ў «Львове», а ўвесну 2022-га працаваў у бухарэсцкім клубе «Стэава».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў