Польшча занесла ў санкцыйны спіс 12 беларускіх чыноўнікаў


Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы занесла ў спіс асобаў, «побыт якіх на тэрыторыі краіны непажаданы», яшчэ 12 грамадзянаў Беларусі – чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, як паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне са спасылкай на МУС Польшчы.

У санкцыйны спіс трапілі беларускія чыноўнікі, адказныя за рэпрэсіі ўнутры Беларусі і спрыянне расейскай агрэсіі ва Украіне. Сярод прычынаў называецца, у прыватнасці, пераслед актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі, незаконны арышт Анджэя Пачобута і Анжэлікі Борыс ды «іншыя варожыя дзеянні рэжыму ў дачыненні Польшчы».

Санкцыйны спіс беларусаў, побыт якіх у Польшчы непажаданы, папоўнілі 12 асобаў, пераважна дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) ці Савету Рэспублікі.

  • Канстанцін Драздоўскі, чалец камітэту адукацыі, навукі, культуры і сацыяльнага развіцця ў Савеце Рэспублікі.
  • Святлана Горваль, чалец камітэту эканамічнай палітыкі ПП НС.
  • Дзяніс Карась, чалец сталай камісіі ў справах прамысловасці ПП НС.
  • Іван Мамайка, палкоўнік міліцыі, дэпутат ПП НС.
  • Сяргей Рачкоў, старшыня камісіі міжнародных справаў ПП НС.
  • Алег Рума, чалец камітэту нацыянальнай бяспекі ПП НС.
  • Андрэй Савіных, старшыня сталай камісіі міжнародных справаў ПП НС, кіраўнік парламенцкай групы ў справах польска-беларускага сяброўства.
  • Ганна Семянюк, сакратар беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
  • Сяргей Стэльмашок, дэпутат ПП НС, чалец камітэту ў справах бюджэту і фінансаў.
  • Ігар Таўтын, дэпутат ПП НС, чалец камітэту аховы здароўя і фізічнай культуры.
  • Валерый Варанецкі, дэпутат ПП НС, былы намеснік міністра замежных справаў (2006–2011).
  • Дзмітрый Варанюк, палітык, былы першы сакратар БРСМ.

Санкцыйны спіс быў створаны МУС Польшчы ў красавіку 2022 года «з мэтай прыцягнення да адказнасці асобаў, якія спрыяюць вайне», перш за ўсё грамадзянаў Расеі. Спіс застаецца адкрытым і рэгулярна абнаўляецца на рашэнне польскіх уладаў.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў