Лукашэнка змяніў законы аб дзейнасці парламенту. Ці ёсць сюрпрызы?


Лукашэнка падпісаў шэраг законаў, якімі карэктуецца дзейнасць парламенту з улікам нормаў «абноўленай Канстытуцыі». Сябе ён зрабіў пажыццёвым чальцом Савету Рэспублікі і прапісаў, што вольную вакансію кіраўніка дзяржавы павінен будзе заняць старшыня Савету Рэспублікі. Пра ўнесеныя змены напісаў «Пул Первого».

Паводле прынятых у заканадаўства зменаў, Нацыянальны сход РБ будзе праводзіць не дзве сесіі на год, а адну (з верасня да чэрвеня), а пазачарговыя сесіі будзе склікаць не Аляксандр Лукашэнка, а старшыні Палатаў.

Змены прадугледжваюць, што сам Лукашэнка будзе лічыцца чальцом Савету Рэспублікі пажыццёва, то бок нават тады, калі ягоныя паўнамоцтвы скончацца. Калі вакансія кіраўніка дзяржавы становіцца раптам вакантнай, «ажыццяўляць паўнамоцтвы прэзідэнта» павінен старшыня Савету Рэспублікі. Акурат такія функцыі ўскладае на яго зменены закон «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь».

Змены ў закон прыбралі таксама шэраг паўнамоцтваў парламенту, якія перадаюцца так званаму Усебеларускаму народнаму сходу, а менавіта – абранне суддзяў Канстытуцыйнага суда і чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі. А таксама – «зацвярджэнне асноўных кірункаў унутранай і замежнай палітыкі, ваеннай дактрыны».

Зменены і закон «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, чальца Савету Рэспублікі НС РБ». Згодна з абноўленым законам, паўнамоцтвы дэпутатаў можна скасоўваць, калі гэтыя дэпутаты маюць замежнае грамадзянства або дакументы замежных дзяржаваў, якія даюць ім права на льготы ці нейкія перавагі.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў