Каханне за кратамі: дзясяткі беларускіх сем'яў – у турмах «за палітыку»


На сёння ў Беларусі прынамсі 1452 палітычныя вязні, і лік ужо больш як два гады штодня расце. За кратамі часта апынаюцца нават сем’ямі, мы налічылі больш за два дзясяткі такіх выпадкаў. Распавядаем вам некаторыя з гэтых гісторыяў – пра сужэнцаў, якіх хаваюць турэмныя сцены.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Cаша Альтэр / Белсат

Сям’я Разановічаў: муж, жонка і сын

Сяргей Разановіч – праваслаўны святар, настаяцель царквы Святога Арханёла Міхаіла ў Сцяпанцы Жабінкаўскага раёну (Берасцейская вобласць). Быў затрыманы і пазней асуджаны разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам у «справе Мікалая Аўтуховіча». У лютым 2021 года КДБ залучыў палітвязняў у спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Судовы разбор пачаўся 18 траўня 2022 года ў СІЗА Гарадзенскай турмы № 1. Сямейнікаў абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 285 КК («Удзел у злачыннай арганізацыі»), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асобаў»).

17 кастрычніка 2022 года Гарадзенскі абласны суд агучыў вырак. Суддзя Максім Філатаў прызначыў Сяргею Разановічу 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (Br 19 200), Паўлу Разановічу – 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (Br 25 600), Любові Разановіч – 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (Br 19 200).

Надзея і Уладзімір Калачы

Салістаў музычнага фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath», сужэнцаў Уладзіміра і Надзею Калачоў, і яшчэ 14 чалавек затрымалі 2 жніўня 2021 года на святкаванні дня нараджэння Надзеі.

Спачатку ўсім інкрымінавалі непадпарадкаванне міліцыянтам (арт. 24.3 КаАП) за тое, што не адчынілі брамы ў доме каля Менску. Потым стала вядома, што на шасцярых з іх завялі крымінальныя справы.

Уладзіміра і Надзею абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). 14 снежня 2021 года вынеслі прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму кожнаму.

Сярод затрыманых на дні нараджэння была яшчэ адна сямейная пара, Пётр і Юлія Марчанкі. Яны адбылі поўны тэрмін у калоніі агульнага рэжыму і выйшлі на волю 11 кастрычніка.

Дар’я і Ігар Лосікі

Журналіста радыё «Свабода» і адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года, яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі і масавымі пратэстамі ў Беларусі. З жонкаю Дар’яй ён пазнаёміўся ў 2009-м праз ліставанне «УКантакце». Ажаніліся яшчэ студэнтамі, у сям’і гадуецца маленькая дачка Паўліна.

Калі ў снежні 2020 года Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачанне, паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 КК – «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах», на знак пратэсту Ігар Лосік абвесціў галадаванне, якое пратрымаў 42 дні.

Дар’я і Ігар Лосікі.
Фота: Белсат

Дарʼя на знак салідарнасці з мужам таксама галадала. 14 снежня 2021-га Ігара Лосіка засудзілі на 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022-га Ігара этапавалі ў Наваполацкую калонію № 1, неўзабаве КДБ залучыў Ігара ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. На маёмасць сямʼі Лосікаў (у тым ліку на піяніна, побытавую тэхніку і мэблю) у ліпені 2022 года быў накладзены арышт.

Увесь гэты час Дар’я змагалася за мужа, распавядала пра яго розным медыям, нават выклікала Лукашэнку на размову. Жанчыну затрымалі раніцаю 18 кастрычніка 2022 года. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў каля 8:00, Дар’я з 4-гадоваю дачкою Паўлінай яшчэ спалі. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» увесну 2022-га.

Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў

Андрэй Аляксандраў – вядомы беларускі журналіст і медыяменеджар. Ірына Злобіна апошнія гады займалася сваім невялікім бізнесам – кветкі і вытворчасць сувеніраў. Яе затрымалі 12 студзеня 2021 года супрацоўнікі МУС нібыта за фінансаванне пратэставай дзейнасці, у прыватнасці за аплату штрафаў пратэстоўцам. Пазней Аляксандраву выставілі новае абвінавачанне – здрада дзяржаве і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. 1 верасня 2022 года Ірына і Андрэй ажаніліся ў СІЗА № 1.

Суд у «справе БелаПАНу» пачаўся 6 чэрвеня 2022 года і доўжыўся чатыры месяцы. У Менскім абласным судзе 6 кастрычніка агучылі выракі: Андрэя засудзілі на 14 гадоў калоніі, Ірыну – на 9 гадоў калоніі.

Наста і Зміцер Дашкевічы

Былога лідара «Маладога фронту», абаронцу Курапатаў, сталяра Змітра Дашкевіча супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі 23 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 15 дзён паводле адміністратыўнага артыкулу, а затым затрымалі ўжо ў крымінальнай справе. У красавіку стала вядома, што на той момант цяжарную жонку палітычнага вязня Насту таксама падазраюць паводле гэтага артыкулу.

14 ліпеня 2022-га шматдзетным бацькам Змітру і Насце Дашкевічам прысудзілі 1,5 года калоніі і 3 гады «хатняй хіміі» адпаведна. Сужэнцаў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Працэс вяла суддзя Тацяна Пірожнікава. У матэрыялах справы былі тры тамы, на працэсе пералічылі ўсе арышты, штрафы і крымінальны пераслед Змітра, пачынаючы з 1999 года.

Старэйшай дачцэ Дашкевічаў Мары – 8 гадоў, сыну Давіду – 6, дачцэ Магдалене – 3 гады. 15 чэрвеня 2022-га ў Дашкевічаў нарадзілася чацвёртае дзіця – сын Данііл.

Марфа Рабкова і Вадзім Жаромскі

Марфа Рабкова – каардынатарка валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна». Пры ейным актыўным удзеле былі арганізаваныя дзясяткі назіранняў за мірнымі сходамі грамадзянаў, праведзены маніторынг больш як 100 судовых пасяджэнняў у адміністратыўных справах над затрыманымі ўдзельнікамі мірных акцыяў, арганізоўваліся трэнінгі для новых валанцёраў. У 2020 годзе Марфа займалася наборам і навучаннем кароткатэрміновых назіральнікаў для кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Падчас і пасля выбарчай кампаніі актыўна брала ўдзел у арганізацыі дапамогі рэпрэсаваным актывістам ды іхным семʼям, у дакументаванні сведчанняў ахвяраў катаванняў і здзекаў з боку сілавікоў у першыя дні пратэставых акцыяў. 17 верасня 2020-га Марфу Рабкову затрымалі ў Менску супрацоўнікі ГУБАЗіКу. У верасні 2022-га яе засудзілі на 15 гадоў калоніі. Палітзняволеная падала апеляцыйную скаргу на вырак і застаецца цяпер у СІЗА № 1.

22 снежня 2022 года затрымалі і мужа Марфы, Вадзіма Жаромскага. Яму прысудзілі 15 содняў арышту, за што – невядома. Вадзіма затрымлівалі 17 верасня 2020-га разам з Марфай, але пазней адпусцілі.

Вольга і Арцём Анішчукі

Менчука Арцёма Анішчука асудзілі яшчэ з чатырма менчукамі 3 лютага 2021-га да двух гадоў калоніі за пашкоджанне машыны супрацоўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў Аляксандра Гейца. Арцёма скіравалі адбываць тэрмін у Магілёўскую калонію № 15, дзе ён зазнаў катаванні і збіццё. Там на яго заводзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») і аказваўся ціск. Каб спыніць гвалт і ціск на сябе, яму давялося праглынуць металічныя прадметы. Гэта выклікала шырокі грамадскі рэзананс – і Арцёма перавялі ў бабруйскую калонію.

Арцём мусіў выйсці на свабоду ў канцы чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін 2 гады, але яго зноў затрымалі і асудзілі ў новай крымінальнай справе – паводле арт. 369 КК, за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да ягонага першага затрымання. Арцёму засталося адбываць яшчэ каля года зняволення. Свой тэрмін ён працягвае адбываць у бабруйскай калоніі.

Арцёмаву жонку Вольгу затрымалі 4 лістапада і завезлі на Акрэсціна – яе арыштавалі за рэпосты з тэлеграм-каналаў «Нашай нівы» і «Зеркала» агулам на 24 дні. На праўладных тэлеграм-каналах зʼявілася з ёй «пакаяннае» відэа, дзе называецца сапраўдная прычына затрымання Вольгі – «нагнятала ўкідамі і фэйкамі сітуацыю вакол пенітэнцыярнай сістэмы, закідвала дзяржаўныя органы надуманымі скаргамі». Згодна з фактамі публікацыяў у СМІ, у дачыненні Вольгі ладзілі правяранне паводле артыкулу за паклёп на начальніка калоніі № 15 Аляксея Лазарэнку.

Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч

Антаніна пазнаёмілася з будучым мужам, калі была лагісткаю: Сяргей працаваў у той жа арганізацыі кіроўцам. Пасля дэкрэту жанчына стала валанцёркаю ў штабе «Краіны для жыцця». Яе затрымалі 6 верасня 2020 года: у торбе жанчыны ляжаў бэйдж з надпісам «Штаб Святланы Ціханоўскай». На наступны дзень яе судзілі паводле арт. 23.34, але з Акрэсціна жанчына не выйшла. На вачах у дзяцей прайшлі два ператрусы: у Менску і ў загарадным доме, падчас якога па перыметры дому стаялі аўтаматчыкі. Пасля затрымання жонкі ў Беларусь вярнуўся Сяргей, які з’ехаў з краіны праз пераслед, звязаны з адміністраваннем тэлеграм-каналу «Армия с народом». Яго затрымалі 2 кастрычніка.

7 траўня 2021 года ў Менскім абласным судзе вынесеныя прысуды фігурантам «справы тэлеграм-каналу «Армия с народом». Сужэнцаў засудзілі на 5,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага (Антаніна) і ўзмоцненага (Сяргей) рэжыму. 24 траўня 2022 года КДБ дадаў сужэнцаў у спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое малых дзяцей – Ваня і Насця. Цяпер яны з бабуляю за мяжою.

Сняжана Інанец і Аляксандр Лычаўка

Аляксандр Лычаўка – краязнавец і журналіст з Менску. Сняжана Інанец – журналістка, раней супрацоўнічала з TUT.by, цяпер – з «Onliner». Яна аўтарка тэкстаў на краязнаўчую і культурніцкую тэматыку. Раніцаю 6 кастрычніка 2022 года мужа і жонку затрымалі, на наступны дзень у праўладным тэлеграм-канале выклалі «пакаянныя» відэа з імі. У роліку яны кажуць, што іх затрымалі за падпіску на тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі Беларусі экстрэмісцкімі, а таксама за ўдзел у маршах пратэсту ў 2020 годзе.

Журналістаў Аляксандра Лычаўку і Сняжану Інанец затрымалі 6 кастрычніка 2022 года. Крыніца: baj.by

Паліна Палавінка і Дзмітрый Лукша

Дзмітрый Лукша – журналіст, раней шмат гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, быў вядоўцам праграмы «Зона X». Яго затрымалі пасля ператрусу ў кватэры ў Менску 11 сакавіка 2022 года. Дзмітрый быў пазаштатным карэспандэнтам казахскага тэлеканалу «Хабар 24», і падставаю для затрымання стаўся апошні сюжэт журналіста на канале. Ягоную жонку Паліну Палавінку затрымалі пазней – 2 чэрвеня 2022-га.

Паводле версіі абвінавачання, Лукша з мэтаю дыскрэдытаваць краіну з дапамогай аператара вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчалі загадзя ілжывую інфармацыю. Спачатку Дзмітрыю інкрымінавалі арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу, пазней дадалі арт. 342 КК. 2 снежня яму вынеслі прысуд: 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Паліну прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК, ч. 6 арт. 16 і арт. 369-1 КК ды засудзілі на 2,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Дзіяна Чарнушына і Андрусь Асмалоўскі

Андрусь Асмалоўскі і ягоная грамадзянская жонка Дзіяна Чарнушына – сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Іх затрымалі ў дні, калі схапілі яшчэ некалькіх чальцоў партыі. У Дзіяны на выхаванні ёсць няпоўнагадовае дзіця. 27 кастрычніка 2022 года іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 КК і асудзілі Дзіяну на 2 гады, а Андруся – на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Дзіяна і Андрусь ўзялі актыўны ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску 23 жніўня 2020 года. У 2017-м мужчына стаўся знакамітым, уратаваўшы бела-чырвона-белы сцяг з-пад ног амапаўцаў. Ён даўно браў удзел у акцыях пратэстаў, мае двух сыноў, з адукацыі – інжынер-будаўнік. Да затрымання займаўся архітэктурным праектаваннем. У 2019-м ад АГП вылучаўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Дзмітрый і Алена Паўловічы

Алена Паўловіч – гаспадыня салону друку «Ліса» з Барысава. Яе схапілі разам з мужам Дзмітрыем у канцы ліпеня 2022 года. Падчас ператрусу сілавікі прымусілі Алену здзіраць са сцяны бел-чырвона-белыя шпалеры. Сям’я мае двух няпоўнагадовых дзяцей. 13 кастрычніка 2022-га Алену засудзілі да 2 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Дзмітрыя – да 1,5 года зняволення. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Іхныя дзеці засталіся з бабуляю.

Дзяніс і Святлана Шарамецьевы

Дзяніс Шарамецьеў – дызайнер і фатограф, быў затрыманы разам з жонкаю Святланай у чэрвені 2022 года. 18 кастрычніка 2022-га за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе суддзя Сяргей Кацэр прызначыў Дзянісу 2 гады зняволення ў калоніі, а Святлане – 1,5 года калоніі.

Дзяніс і Святлана Шарамецьевы. Крыніца: baj.by

Алег Давыдзенка і Наталля Акцябрская

Алег Давыдзенка – 71-гадовы член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук. Аўтар 300 навуковых працаў, у тым ліку 5 манаграфіяў, падручніка, вывеў 19 гатункаў раслінаў. Ён даследаваў геном карэннага насельніцтва Беларусі. Алега Давыдзенку і ягоную жонку Наталлю Акцябрскую затрымалі раніцаю 2 лістапада, іх вінавацяць паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 і арт. 368. Нагодаю для пераследу стаўся здымак, дзе Давыдзенкі стаяць з плакатам падчас пратэстаў 2020 года.

Сяргей і Алена Маўшукі

Палітзняволеныя пінчукі Сяргей і Алена Маўшукі – фігуранты крымінальнай справы аб масавых закалотах у ноч на 10 жніўня (ч. 2 арт. 293 КК). Алене Маўшук – 44 гады, яна была санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі. Да жніўня Сяргей і Алена выхоўвалі траіх дзяцей, пакуль Алены не змясцілі пад варту.

У Маўшукоў трое дачок: адна паўналетняя, дзве малалетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасня са школы завезлі ў сацыяльны прытулак, бо Сяргей – ейны айчым. Пазней дзяўчынку з прытулку забрала да сябе хросная. Пяцігадовая Карына жыве са сваім бацькам Сяргеем.

У СІЗА Алену паставілі на ўлік «як схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праяваў агрэсіі». У снежні падазраваным у гэтай справе зрабілі і Сяргея Маўшука, пазней яму выбралі меру стрымання – хатні арышт.

Дарʼя і Міхаіл Суднікі

У судзе Партызанскага раёну сталіцы 6 снежня паводле «народнага» артыкулу 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак») асудзілі да 3 гадоў «хатняй хіміі» Дарʼю і Міхаіла Суднікаў. Да суда сужэнства трымалі пад вартаю. Суднікаў абвінавацілі ў перакрыцці дарог на адным з маршаў у 2020 годзе. Галоўны доказ у справе – фота з плакатам з кнігі «Я выходжу».

Настасся Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч

У 27-гадовай настаўніцы менскай гімназіі Настассі Крупеніч-Кандрацьевай заканчваўся кантракт. З мужам-праграмістам Сяргеем яна была два месяцы ў Польшчы, а калі вярнуліся, то імі зацікавіліся ўлады. 15 ліпеня 2021 года Настассю выклікалі ў Фрунзенскае РУУС, куды яна прыйшла з тэлефонам, там паглядзелі ейныя ліставанні. Сяргея забралі з працы ў той жа дзень. У іхнай кватэры правялі ператрус. Прапагандыст Азаронак сцвярджаў, што Настасся даслала ў «экстрэмісцкі» канал асабістыя звесткі дзяцей міліцыянтаў.

Прычынаю пераследу сталіся асабістыя паведамленні, якімі абменьваліся муж і жонка ў «Тэлеграме», гэта былі навіны з «экстрэмісцкіх» каналаў. За гэта сужэнства судзілі дзевяць разоў запар паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»). Агулам у сям’і былі 126 і 127 содняў арышту паводле судовых пастановаў.

Не зважаючы на пастановы аб арышце, увечары 5 лістапада 2021 года пасля суда Сяргея і Насту адпусцілі на волю з ІЧУ на Акрэсціна без тлумачэння прычынаў. Яны неўзабаве пакінулі Беларусь, цяпер сужэнства ў бяспецы.

СП belsat.eu

Стужка навінаў