Дом настаяцеля Чырвонага касцёла ў Менску пакінулі без ацяплення


У Менску працягваецца ўціск на вернікаў і святароў парафіі святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёлу). 30 снежня з плябаніі (домік святара) вынеслі чыгунную печку, якая давала цяпло пасля адключэння касцёлу і іншых будынкаў комплексу ад гарадскіх сетак. Аб гэтым паведамляе «Хрысціянская візія».

Дэталі чыгуннай печкі выкінулі на снег ля доміка настаяцеля Чырвонага касцёлу ў Менску. 30 снежня 2022 года.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

«30 снежня домік святара каля каталіцкага храма святых Сімяона і Алены (Чырвонага касцёлу) у Менску пазбавіўся ўласнага ацяплення», – гаворыцца ў паведамленні.

Дом, размешчаны на тэрыторыі парафіі, застаўся без камунікацый яшчэ тады, калі ўлады закрылі сам будынак касцёлу (рашэнне было прынята 26 верасня).

Паводле «Хрысцінскай візіі», пасля закрыцця касцёлу жыццё парафіі перамясцілася ў дом святара, вернікі карысталіся электрагенератарам для забеспячэння асвятленнем і вадой. З надыходам халадоў таксама ўстанавілі чыгунную печ-камін, якая выкарыстоўвалася для ацяплення і прыгатавання ежы.

«Сёння ў 14:00 адбылася чарговая спроба ўладаў выселіць вернікаў з плябаніі, аднак у выніку было забаронена карыстацца ацяпленнем, але будынак так і не быў апячатаны. Печка-буржуйка, якая выкарыстоўвалася для ацяплення, была разабрана», – паведамляе «Хрысціянская візія».

На відэа з нашага тэлеграм-канала бачна, што як чыноўнікі рукамі выносяць дэталі печкі з плябаніі, стараюцца нават жанчыны:

Нагадаем, што пасля інцыдэнту з пажарам 26 верасня 2022 года вернікі парафіі св. Сымона і Алены былі пазбаўлены магчымасці карыстацца будынкам Чырвонага касцёлу. 6 кастрычніка 2022 года стала вядома, што КУП «Мінская спадчына», якая зʼяўляецца ўласнікам на правах аператыўнага ўпраўлення будынкаў храма і плябаніі Чырвонага касцёлу на плошчы Незалежнасці ў Менску, накіравала кіраўніцтву абшчыны апавяшчэнне аб сваім рашэнні скасаваць з суполкай дамову бязвыплатнага карыстання Чырвоным касцёлам і паслала касцельным уладам апавяшчэнне з патрабаваннем вынесці ўсю рухомую маёмасць з памяшканняў да 12 кастрычніка 2022 года. Таксама да 13 кастрычніка было загадана пакінуць будынак парафіяльнага дому (плябаніі). Аднак вернікі працягвалі выкарыстоўваць гэты будынак.

19 снежня, упершыню пасля пажару ў Чырвоным касцёле, які адбыўся ў канцы верасня, у будынак пусцілі прадстаўнікоў улады і святароў.  У той дзень ссвятыню наведалі ўпаўнаважаны ў справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, прадстаўнікі Менскага гарвыканкаму, «Менскай спадчыны», МНС. З боку касцёлу былі нунцый Антэ Ёзыч, мітрапаліт Юзаф Станеўскі, ксёндз Юрый Санько і некаторыя іншыя святары. На думку святароў, патрэбны рамонт толькі самой закрыстыі, які можна выканаць за кароткі тэрмін. Парафія гатовая зрабіць яго за ўласныя сродкі, на ахвяраванні вернікаў. Аднак «Менская спадчына» патрабуе закрыць касцёл на рамонт, працягласць якога нават не вызначаная.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў