Вольга Севярынец: Я ганаруся сваім мужам і тым шляхам, які ён выбраў


Сустаршыня партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, палітычны вязень Павел Севярынец сёння адзначае ў няволі 45-ы дзень нараджэння. 7 чэрвеня 2020 года яго затрымалі каля ўласнага дому ў Менску, калі ехаў з выбарчага пікету на Камароўскім рынку. Пасля 75 содняў адміністратыўнага арышту яго так і не вызвалілі, выставіўшы новае абвінавачанне – паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых закалотах»).

Павел Севярынец.
Фота: ІА / Белсат

25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Паўла Севярынца да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, не пускалі нават родных. Пасля абвяшчэння прысуду Севярынец звярнуўся да ўсіх, хто быў у зале: «Беларусь будзе вольнай! Верым! Можам! Пераможам!».

У верасні Паўла Севярынца перавялі ў сумнавядомую калонію ў Шклоў, тую самую, дзе загінуў Вітольд Ашурак.

Літаральна праз 10 дзён пасля гэтага, 1 кастрычніка ў Віцебску памёр яго бацька, беларускі журналіст і паэт, аўтар паэтычных кніжак для дзяцей Канстанцін Севярынец. Ён хварэў на каронавірус. Павел быў агаломшаны гэтай навіной. На пахаванне да бацькі яго не адпусцілі.

На волі Паўла чакаюць жонка Вольга і малы Францішак. Гісторыя Вольгі і Паўла пачалася 12 гадоў таму. Дзяўчына паступіла на філфак БДУ і аднойчы па запрашэнні сяброў пайшла глядзець дакументальны фільм «Плошча», дзе быў таксама і Павел. Там яны пазнаёміліся, пачалі сустракацца. Неўзабаве Паўла арыштавалі за ўдзел у пратэстах пасля выбараў 2010 года. Яго судзілі і адправілі адбываць «хімію» ў Куплін (Берасцейская вобласць). Праз некалькі месяцаў пасля вызвалення з «хіміі» Вольга і Павел пабраліся шлюбам. А ў сакавіку 2018-га ў сям’і нарадзіўся сын – Францішак. Як жартаваў Павел, да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вольга і Францішак.
Фота: ТК / Белcат

– Пазнаёміліся мы з Паўлам праз агульнага сябра Кастуся. Ён цяпер жартуе, што недарма жыве на свеце – пазнаёміў Севярынцаў. Павел, можна лічыць, зрабіў прапанову рукі і сэрца на першым жа спатканні, а вось я думала доўга. Цяпер дакараю сябе, што не адразу пагадзілася. А ўвогуле, каханне спее ў штодзённасці, загартоўваецца ў выпрабаваннях, і цяпер у мяне адчуванне, што яму няма межаў, – кажа ў інтэрв’ю «Белсату» Вольга.

– Сёння ў Паўла дзень нараджэння. Ці планавалі штосьці адмысловае ў гэты дзень?

– Вельмі хацелася б нешта адмысловае зрабіць для яго, але абставіны такія, што асабліва не разгорнешся. Днямі адправілі яму дазволеную месячную перадачу з садавіною – поўную скрыню смачных спелых пахучых яблыкаў. Вечарам сёння чакаем званка ад Паўла, якраз рэжымны званок выпаў, то зможам асабіста павіншаваць, заспяваем з сынам Францішкам «З Днём нараджэння цябе» і скажам, як моцна яго любім і чакаем. Думаю, для Паўла гэта будзе найлепшы падарунак. Упэўненая таксама, што шмат людзей у гэты дзень згадае Паўла добрым словам ці малітвай, а гэта дарагога варта.

– Як змянілася вашае жыццё за гэты час, пакуль Павел за кратамі?

– Многае змянілася. Раней мы маглі шмат часу праводзіць разам, клапаціліся пра нашага доўгачаканага сына, якому тады было толькі два годзікі. Цяпер гэта разбурана. Павел за кратамі, Францішку хутка чатыры. Да майго штодзённага жыцця дадаліся новыя абавязкі і адказнасці – клопат пра сям’ю, частка Паўлавых справаў, публічнасць, адказнасць за сына цяпер цалкам на мне. З іншага боку, у нашых стасунках нічога не змянілася, мы, як і раней, любім адно аднаго, а нашае каханне толькі ўзрасло. Нават калі Павел не побач з намі, мы адчуваем ягоную падтрымку, клопат і любоў. З прыемных рэчаў дадалася таксама неверагодная, прыгожая, настойлівая беларуская салідарнасць. За якую мы ўсёй сям’ёй вельмі ўдзячныя. Сябры, сям’я, вера ў лепшае і ў Бога дапамагаюць трымацца.

Фота: ТК / Белсат

– Павел за кратамі больш за год. Як удаецца падтрымліваць стасункі?

– Я ганаруся сваім мужам і тым шляхам, які ён выбраў. Ведаю, што ён перажывае, што ўсё цяпер так. Але я не хачу, каб ён вельмі занураўся ў такія думкі, таму ўсімі сіламі падтрымліваю яго і стараюся радаваць. Жыццё ідзе. Нашыя стасункі такія – на адлегласці. Але ёсць лісты, ёсць рэдкія званкі. Мы рыхтуемся да дня, калі абдымемся зноў, да будучых радасных дзён, і за гэта трымаемся.

Павел застаўся такім жа родны, такім жа ўважлівым да мяне, толькі яшчэ больш мяккім. Ніколі не разумела, як можна быць такім моцным і пяшчотным адначасова.

– Як вы наладжваеце і падтрымліваеце сувязь Францішка з татам?

– Павел падтрымлівае з сынам сувязь праз лісты. І я скажу, што ў яго гэта добра атрымліваецца. Праз лісты ён выхоўвае яго, вучыць клапаціцца пра іншых, вучыць маліцца, піша гісторыі пра Радзіму, прыдумляе казкі і калыханкі. Павел піша для Францішка асобны ліст, і ён звычайна прыходзіць у вялікім канверце, бо да кожнага ліста прыкладзены малюнак – партрэт, малюнак машынкі ці храму. Францішак вельмі чакае лістоў ад таты, бывае, што разы тры на дзень просіцца, каб я схадзіла і праверыла паштовую скрыню – ці не прыйшоў ліст ад таты. Мне здаецца, вялікая заслуга Паўла, што паміж ім і Францішкам на доўгім спатканні пасля 1,5 года расстання не было ніякіх няёмкасцяў, ім не трэба было прызвычайвацца адзін да аднаго. Францішак проста сказаў: «О, тата, прывітанне, давай лётаць самалёцікам», – і пайшоў да яго на рукі. Паша вельмі ўважлівы да сына – і ў лістах, і пры кароткіх званках, і на рэдкіх спатканнях. Мы стараемся даць Францішку разуменне, што нават калі тата далёка, то ён усё роўна клапоціцца пра яго і вельмі любіць. Што тата не вінаваты ў тым, што ён не побач з намі. Мы стараемся максімальна ўключаць Францішка ў жыццё, звязанае з Паўлам: разам пішам яму лісты, разам збіраем перадачы, размаўляем пра тату, марым, як нам будзе цудоўна, калі тата вернецца, молімся за яго.

Павел стараецца на святы даслаць Францішку адмысловы ліст і спецыяльны малюначак, віншаванне. Дый я на святы заўсёды рыхтую асобны падарунак ад таты: паводле легенды, гэты падарунак ад таты, як і лісты, прыносіць паштальён, тата яго так перадае.

Фота: ТК / Белcат

Францішак расце, і я бачу, што ён усё больш сумуе без Паўла, часта пытаецца, калі ён вернецца, просіць мяне памаліцца, каб тата хутчэй вярнуўся. Гэта разрывае сэрца. Думаю, Паўлу таксама няпроста, але з Божаю дапамогай мы з усім гэтым справімся. Мы ёсць адно ў аднога, і гэта самае галоўнае. Нашую любоў і каханне ніхто не зможа забраць.

– Якая сітуацыя з ліставаннем? Што пішаце ў лістах адно аднаму?

– Лісты ідуць, але павольна. Адно аднаму пішам словы падтрымкі, словы кахання. Марым пра спатканне, дзелімся тым, як праходзяць дні, дзелімся радасцямі і смуткамі. Павел мала піша пра побыт ці працу, больш пра свае адчуванні, пра тое як сумуе, дзякуе часта сябрам за падтрымку, піша парады ў выхаванні сына, перадае вітанні. Размаўляем у лістах так, як бы размаўлялі, калі б былі разам. Наабяцаў мне такіх зорак з неба, што да канца жыцця не выканаць. Як вернецца, буду зачытваць яму, каб не забыўся.

– Чула ад розных асобаў, якія ліставаліся з Паўлам, пра неверагодную падтрымку, якая адчуваецца ў ягоных лістах. Адкуль у яго столькі сілаў падтрымліваць і натхняць іншых людзей нават з няволі?

– У адным са сваіх зваротаў з-за кратаў Павел напісаў: «Перамагае не той, хто кажа: «Я не зламаўся», а той, хто ведае, дзеля чаго ён мусіць выстаяць…» Павел ведае: дзеля сваёй сям’і і дзетак, дзеля будучай Беларусі, дзеля Госпада. Аднойчы выбраўшы гэты шлях, ён мужна і настойліва ім ідзе, бо ведае, што гэты шлях праведны. Цяжкі, але праведны.

Паўлу важна, каб ягоныя ідэі працягвалі жыць і каб яны былі пачутыя. Ён часта піша ў лістах іншым людзям пра свае кнігі, праекты, сям’ю, пра тое, што можа рабіць кожны з нас: працаваць над сабой, над сваім сэрцам, паглыбляць веру, размаўляць па-беларуску, захоўваць годнасць.

– Чым займаецца Павел у зняволенні? Як ягонае здароўе?

– Цяпер Павел у Шклоўскай калоніі, працуе на пілараме ў другую змену, кажа, што як вяртаецца з працы, бачыць зоркі. Здароўе цярпіма, хоць ёсць хранічныя хваробы, якія часам дакучаюць, у калоніі здароўе не паляпшаецца, адназначна. Працаваць над кнігамі яму вельмі складана, бо вольнага часу застаецца зусім няшмат: адпісаць на лісты падтрымкі, намаляваць малюнак сыну – вось і час скончыўся. Але ідэя кніг застаецца – скончыць раман «Беларусалім», напісаць кнігу пра сям’ю і дапісаць казку сыну [гаворка пра «Казкі пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай», якую Павел піша сыну і дасылае часткамі ў лістах. – Заўвага аўт.]. А яшчэ сястра Ганна падкінула ідэю маляваць ілюстрацыі для кнігі вершаў Канстанціна Паўлавіча, іхнага таты.

Фота: ІА / Белсат

– Наколькі вы адчуваеце падтрымку і салідарнасць ад іншых людзей?

– Ад дабрыні родных, дарагіх, знаёмых і незнаёмых беларусаў проста няма словаў. Мяне апошнім часам не могуць расчуліць нават самыя страшныя навіны, але ад чалавечай падтрымкі, уважлівасці, нечаканых прыгажэнных падарункаў плачу. Колькі прыходзіць паведамленняў са словамі падтрымкі, колькі людзей моліцца за Паўла, колькі дапамогі, салідарнасці, падарункаў, кветак – гэтага проста нельга палічыць. Як толькі пра нас ні клапаціліся! Пакуль паводле незвычайнасці на першым месцы шведская сценка для Францішка, бясконцыя пакункі з прысмакамі ад знаёмай з-за мяжы і памытыя патэльні. Пакуль я была на судзе над Паўлам, мая сяброўка, у якой ёсць ключ ад кватэры, вымыла нам усе стогадовай даўніны патэльні і духоўку, ды так, што яны блішчэлі. І самае неверагоднае – уся дапамога прыходзіць абсалютна без ніякіх просьбаў з майго боку на працягу ўсяго гэтага часу, як Паша за кратамі. Беларусы любымі сіламі імкнуцца дапамагчы. Павел заўсёды пры нагодзе перадае падзяку ўсім, хто дапамагае сям’і і моліцца. Без сяброў наш шлях быў бы нашмат цяжэйшы.

– Ці паўплывала зняволенне Паўла на стасункі ў вашай сям’і?

– Калі і паўплывала, то толькі ў тым, што мы яшчэ больш любім адно аднаго і яшчэ больш адно аднога трымаемся. Зняволенне, цяжкія часы – гэта ў пэўным сэнсе школа асабістага росту, хоць і жорсткая, гэта праца над сабой і над стасункамі ў сям’і ў тым ліку. Мы стараемся захоўваць у сабе найлепшае, нягледзячы ні на што, і выкарыстоўваць гэты час для памнажэння дароў у сабе і ў сям’і.

– Як вы ўяўляеце сабе дзень, калі Павел выйдзе на волю?

– Я ўяўляла гэты дзень мільён разоў, не менш. Найбольш мне падабаецца, як марыць пра дзень вызвалення наш сын Францішак. Калі мы з ім вячэраем, ён часта кажа: «Мама, ну што, пра што пагаворым? Давай пра тату! Мама, як будзе цудоўна, калі тата вернецца, гэта будзе такая любоў, што тата нават заплача ад радасці, і мы будзем разам абдымацца, цалавацца, і тата нас абдыме, і мы будзем гуляць у снежкі і разам будаваць горад, і маляваць, накрыем смачны стол і будзем святкаваць і буськацца».

– Як вы будзе сустракаць Новы год? Якое жаданне хочаце загадаць?

– У нас ува ўсіх адно жаданне – дачакацца перамогі дабра над злом у Беларусі. Новы год правядзем у коле сям’і і сяброў. Сходзім сям’ёй на імшу падзякі, якая традыцыйна ў каталікоў праводзіцца на заканчэнне года. Падзякуем за тое, што было, памолімся за нашага Паўла і за Беларусь.

– У вас ёсць свая інтэрнэт-крама «Кропля». Раскажыце пра яе.

– У нас з Паўлам ёсць інтэрнэт-крама сэнсоўных падарункаў па-беларуску «Кропля.бай». Гэта наш сямейны праект, мы стварылі яе разам, калі толькі нарадзіўся Францішак, і цяпер крамка расце разам з ім. У нас больш за 200 тавараў, многія з якіх самі па сабе асобныя праекты, мы стараемся напаўняць «Кроплю» сэнсоўнымі прыгожымі рэчамі і абавязкова па-беларуску. Заходзьце да нас! Спадзяюся, знойдзеце рэчы, якія вам спадабаюцца.

Вольга Севярынец на Будслаўскім фэсце.
Фота:

– Як можна падтрымаць вашую сям’ю і самога Паўла?

– Найперш малітвай. Для нас гэта самае каштоўнае. Прашу таксама пісаць Паўлу лісты падтрымкі. Прашу набываць і чытаць ягоныя кнігі: ён падкрэсліваў, што ўсё, што хацеў, ён ужо сказаў у сваіх кнігах. А таксама верыць у лепшае і не апускаць рук. Не забывацца на тых, хто цярпіць.

Даведка

Павел Севярынец прысвяціў палітыцы 25 гадоў жыцця. Агулам правёў у турмах і на «хіміях» больш за сем гадоў, напісаў 12 кніг.

Першы раз з палітычных матываў Паўла арыштавалі 2 красавіка 1998 года падчас апазіцыйнай маніфестацыі ў Менску за «зрыў канцэрту, прысвечанага аб’яднанню Расеі і Беларусі». Паўла змясцілі ў СІЗА, але праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадскасці яго вызвалілі і адправілі пад падпіску пра нявыезд у Віцебск. Крымінальную справу закрылі.

У 2005 годзе Паўла абвінавацілі ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць «трэцяга тэрміну Лукашэнкі», што адбыліся ў Менску пасля «рэферэндуму-2004» 18 і 19 кастрычніка. Яго засудзілі да трох гадоў абмежавання волі («хіміі»), з улікам амністыі тэрмін быў скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакаранне палітык на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна, дзе напісаў кнігу «Лісты з лесу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская выступае са зваротам на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламенту. На стале еўрадэпутата – партрэт палітзняволенага Паўла Севярынца. Скрыншот: europa.eu

У снежні 2010 года падчас масавай акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў (Плошча-2010), Паўла зноў арыштавалі. Пяць месяцаў адседзеў у турме КДБ, а затым два гады і два месяцы – у спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, дзе напісаў кнігу «Беларуская глыбіня». У той час прызнаны палітычным вязнем. Вызвалены ў кастрычніку 2013 года.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў