Навошта ўлады Беларусі піяраць выбары ў Каардынацыйную раду?

Ці можна сёння ў Беларусі назваць сенсацыяй масавыя ператрусы і заявы сілавікоў аб адначасовым завядзенні адразу больш як сотні крымінальных справаў? Адказ відавочны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Сітуацыя дайшла да таго, што такія навіны ўспрымаюцца як звычайныя франтавыя зводкі. Усё як на вайне. На сто крымінальных справаў больш, на сто менш. Мы кожны дзень чытаем такія паведамленні, каб даведацца, дзе і каго ўчапіла, колькі захапілі ў палон, у якім раёне накрыла. Трэці год мы жывем менавіта ў такіх умовах – уцекачы, палонныя, аблавы, слёзы, пакуты… І ўвесь час новыя і новыя справы, новыя і новыя палонныя, новыя і новыя ўмовы тактыкі і стратэгіі бою, каб яшчэ і максімальна нашкодзіць тым, каму ўдалося схавацца. На вайне агрэсар разумее, што тыя, хто вырваўся з акружэння, могуць вярнуцца з новымі сіламі. Таму спрабуе іх максімальна знясіліць.

Цяпер навіны яшчэ больш пачалі нагадваць франтавыя зводкі. Як яшчэ можна ўспрымаць заяву аб тым, што нібыта нейкі перабежчык здаў спісы ўсіх, хто ёсць сябрам КР. Гэта больш падобна да спробы дэзынфармацыі і дэмаралізацыі. Усё як на вайне, а на вайне ўсе сродкі прыдатныя. Магчыма, разлік на тое, што ўдар у спіну ад сваіх больш балючы, чым ад адкрытага ворага. Але ж зусім не факт, што нехта кудысьці ўцёк ды яшчэ са спісамі, у той час як існуе інтэрнэт з электроннай поштай. Цалкам магчыма, што інфармацыю, якую нехта з супрацоўнікаў іх жа ведамства зліў з-за мяжы, хочуць прэзентаваць як «выпадковую», што «нечакана» трапіла ім у рукі.

З іншага боку, якую каштоўнасць можа ўяўляць гэтая інфармацыя? На сайце Каардынацыйнай рады ў адкрытым доступе ёсць імёны 64 сябраў Каардынацыйнай рады і 22 арганізацыяў. Цяпер зрабіліся вядомымі імёны яшчэ каля чатырох дзясяткаў. Ну, прайшліся па адрасах, дзе жылі гэтыя людзі раней або проста былі зарэгістраваныя. Ператрусаў і праўда шмат. У кагосьці перавярнулі ўсё дагары нагамі, у кагосьці прайшліся беглым позіркам, а ў кагосьці проста пагутарылі са сваякамі ці з тымі, хто цяпер жыве ў кватэры. І гэтыя ператрусы працягваюцца. Прычым ува ўсіх бяруць падпіскі аб нераскрыцці.

Але нават калі б і не бралі падпісак, то што можна ў гэтай справе такога цікавага і сакрэтнага расказаць? Матэрыялаў справы ніхто ў вочы не бачыў. Тады пра што можна расказаць? Хіба што пра тое, якія знайшлі рэчавыя доказы? А што можна такога знайсці ў кватэрах людзей, якія ўжо амаль тры гады жывуць за мяжою, а некаторыя і болей? Магніцік з лядоўні з «экстрэмісцкай сімволікай»? Сцяжок бел-чырвона-белы на кніжнай паліцы?

Але людзі, вядома, падпісваюць прапанаваныя паперы. Хто ў сённяшніх рэаліях будзе запытваць сілавікоў пра правы? Лідар АГП Мікалай Казлоў у свой час пасля допыту адмовіўся падпісаць такую паперку і трапіў за гэта за краты. Таму кожны разумее, якія могуць быць наступствы адмовы.

Галоўнае пытанне: а для чаго ўвогуле спатрэбілася гэтая паказальная акцыя? Самі праўладныя тэлеграм-каналы назвалі гэта «папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у «Каардынацыйную раду». Ну, калі на «папярэдні этап» задзейнічалі столькі супрацоўнікаў разам з панятымі, то за такую рэкламу арганізатары выбараў павінны ім толькі падзякаваць. Народ, мяркуючы з усяго, не надта шмат увагі надаваў гэтым самым выбарам. Калі б не сілавікі з такім піярам, то маглі і асаблівай увагі не звярнуць. Але рэкламная акцыя працягваецца, відаць, для тых, хто мог прапусціць такую карціну. Сілавікі і сёння прайшліся па адрасах. Сілавікі выставілі на тэлеграм-каналах фота, зробленыя пасля правядзення ператрусаў.

Ліст на дзвярах кватэры Паўла Латушкі.
Фота: guBAZA / Telegram

Паказалі нават паперку, якую самі прымацавалі на дзверы кватэры кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, аб тым, што кватэра апячатаная. Нават напісалі на ёй на трох мовах – расейскай, беларускай і польскай. Трэба падзякаваць за польскую гугл-перакладчыку. Выдатнае вынаходства, якое так палягчае зносіны з замежнікамі. Але навошта напісалі на трох мовах? Можа, хацелі дабіцца большага эфекту? Дык яны яго і дабіліся, праўда, не таго, на які разлічвалі. Рэч у тым, што ў надпісе на беларускай мове ўсяго два словы – і кожнае з граматычнай памылкай. А маглі ж і тут скарыстацца гугл-перакладчыкам. Мяркуючы паводле каментароў у сацсетках, непісьменнасці ніхто асабліва не здзівіўся. Мы не ведаем прозвішчаў аўтараў гэтага твору. Але калі б іх апублікавалі, то, напэўна, нейкая настаўніца сярэдняй школы пазнала б там прозвішча свайго нядбайнага вучня. Вось яна, можа быць, і здзівілася б, даведаўшыся, куды той уладкаваўся на працу. Можа, і паківала б пры гэтым галавой.

Пакуль жа ўлады гавораць, што ўсе гэтыя «звыш сотні асобаў» ёсць падазраванымі ў крымінальнай справе. Праваабаронцы назвалі некалькі артыкулаў, што гучалі падчас прыходу сілавікоў у дамы з ператрусамі. Гэта і арт. 356 – здрада дзяржаве, і арт. 361 – заклікі да санкцыяў, і арт. 361-1 – стварэнне экстрэмісцкага фармавання, гэта і арт. 361-2 – фінансаванне экстрэмізму, гэта і арт. 361-4 – спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. Артыкулы даволі сурʼёзныя. Паводле іх можна на доўгія гады трапіць у турму.

Але тым часам Еўразвяз асудзіў дзеянні ўладаў Беларусі. І ўсё роўна, хто стаіць за гэтымі ўладамі. Важна, што менавіта ўлады Беларусі даслалі сілавікоў на гэтыя ператрусы. Еўрапейскі Звяз асуджае напад на прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і на іх сваякоў. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль выступіў са спецыяльнай заявай.

Ён запэўніў, што «ЕЗ працягне падтрымліваць усіх тых, хто мужна выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь, і гатовы прыняць далейшыя захады ў адказ на сурʼёзныя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца. Мы заклікаем рэжым устрымацца ад любых далейшых рэпрэсіяў і гвалту супраць беларускага народу і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў. Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі, каго яны свабодна выбіраюць праз празрыстыя, свабодныя і справядлівыя выбары».

Недарма Жузэп Бурэль запатрабаваў спыніць пераслед сваякоў. Іх таксама рэпрэсуюць. Сёння затрымалі маці дарадцы Ціханоўскай у справе моладзевай палітыкі і студэнцтва Маргарыты Ворыхавай. Вядома, людзям, вымушаным пакінуць свае дамы, маральна лягчэй, калі нехта выступае ў іх абарону. Бо можна шмат жартаваць наконт таго, што ў экстрэмісты запісалі самых мірных грамадзянаў, але само разуменне немагчымасці вярнуцца дадому не можа не адбівацца на стане людзей. Як ім растлумачыць сваім дзецям, што іх пазбавілі радзімы рукамі тых, якія ніводнага слова не напішуць без памылкі на іх роднай мове? Нават ніхто і не запытвае: як доўга людзі будуць у статусе падазраваных? Ці стануць яны абвінавачанымі? Спісы імёнаў «падазраваных» усё растуць і растуць. Растуць і спісы тых маладых людзей, якія пакідаюць сваю радзіму ў пошуках нармальнага жыцця…

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў