Польскі візавы цэнтр у Беларусі ўвёў новае абмежаванне


Візавы цэнтр «VFS.Global», афіцыйны партнёр амбасады Польшчы, увёў новае абмежаванне. Як паведамляецца на ягоным сайце, цяпер у Менску, Гомлі і Магілёве нельга падаць дакументы на нацыянальную візу паводле праграмы «Poland. Business Harbour».

Польская віза. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

У візавых цэнтрах «VFS.Global» у Менску, Гомлі і Магілёве больш нельга асабіста падаць дакументы на польскую нацыянальную візу паводле праграмы «Poland. Business Harbour». Паведамленне пра гэта з’явілася на сайце цэнтру. З чым звязанае новае абмежаванне, не тлумачыцца.

Каб атрымаць візу на гэтай падставе, засталіся цэнтры «VFS.Global» у Берасці, Пінску і Баранавічах. Жыхары Гарадзенскай вобласці могуць падавацца ў Горадні і Лідзе.

Паведамленне пра новае правіла апублікавалі ўвечары 29 лістапада, але тым, хто паспеў запісацца яшчэ 28-га, у візавых цэнтрах кажуць, што дакументы ўжо не прымуць, піша выданне dev.by.

Што праўда, абмежаванне тычыцца толькі асабістай падачы. Паводле спісаў кампаніяў, зацверджаных Польскім агенцтвам інвестыцыяў і гандлю (PAIH), усё яшчэ можна падавацца ўсюды.

Раней візавыя цэнтры Менску, Гомля і Магілёва прыпынілі прыём дакументаў на гуманітарную візу ў Польшчу. Жыхары гэтых рэгіёнаў цяпер мусяць звяртацца альбо адразу ў амбасаду Польшчы, альбо ў візавыя цэнтры ў Берасцейскай вобласці.

Hавiны
Эксперт: Запіс на гуманітарную візу праз сістэму міжбанкаўскай ідэнтыфікацыі не ананімны
2022.11.29 19:41

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў