Візіт Лукашэнкі, эвакуацыйныя рэйсы. Хроніка памежнага крызіса за мінулы тыдзень


Акцыя пратэсту ў «Брузгах», візіт Лукашэнкі на мяжу, бунт у лагеры бежанцаў, эвакуацыйныя рэйсы і шматлікія спробы мігрантаў прарвацца на тэрыторыю ЕЗ. Што адбылося за мінулы тыдзень?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагістычны цэнтр «Брузгі».
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

23 лістапада. Польская памежная ахова паведаміла, што ўвечары 23 лістапада група з больш як ста замежнікаў спрабавала прарвацца з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу. Паводле польскіх памежнікаў, мігранты былі агрэсіўна настроеныя і кідалі камяні.

Усяго за содні, паводле польскага ведамства, былі зафіксаваныя 267 спробаў незаконнага пераходу беларуска-польскай мяжы. Памежнікі выдалі 44 рашэнні з патрабаваннем пакінуць тэрыторыю Польшчы.

Рэпартаж
Міхалова – польскі горад каля мяжы, які дапамагае і вайскоўцам і мігрантам
2021.11.24 16:03

У гэты ж дзень у Нацыянальным аэрапорце «Менск» беларускія сілавікі затрымалі журналістку курдскага тэлеканалу Ж’ян Алі (Zhyan Ali). Карэспандэнтка накіроўвалася на беларуска-польскае памежжа, каб асвятліць міграцыйны крызіс. Тэлеканал NRT паведамляе, што ў Ж’ян Алі забралі журналісцкае абсталяванне.

Увечары 23 лістапада Украіна распачала спецыяльную памежную аперацыю «Палессе» на мяжы з Беларуссю. Праводзіць яе Дзяржаўная памежная служба супольна з сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі, Узброенымі сіламі Украіны ды іншымі рэзервамі. Мэта аперацыі – узмацненне аховы і абароны ўкраінскай мяжы ды недапушчэнне міграцыйнага крызісу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагістычны цэнтр «Брузгі».
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

24 лістапада. Польскія памежнікі зафіксавалі 375 спробаў нелегальна перайсці беларуска-польскую мяжу. Пра гэта ў Twitter паведаміла Памежная ахова Польшчы. 56 замежнікаў мусяць пакінуць тэрыторыю краіны. Двух мігрантаў з Іраку затрымалі.

Каля Чарэмхі мігранты штурмавалі мяжу групаю з больш як 200 чалавек.

У гэты ж дзень прэс-сакратар Рэгіянальнага ўраду Курдыстану Жатыяр Адыль (Jotiar Adil) паведаміў, што каля 700 асобаў, якія захраслі ў Беларусі, падалі заявы аб добраахвотным вяртанні ў іракскі Курдыстан.

25 лістапада. Удзень мігранты выйшлі на акцыю пратэсту ля лагістычнага цэнтру «Брузгі», дзе пад кантролем сілавікоў утрымліваюць ад тысячы да дзвюх тысяч чалавек. У акцыі ўзялі ўдзел звыш сотні чалавек – пераважна мужчыны і дзеці. Людзі стаялі з плакатамі, на якіх па-ангельску было напісана, што «мы людзі», «хочам лепшага жыцця», што «не маем свабоды ў Курдыстане», а іхныя лідары – «мафія». Мігранты скандавалі, што хочуць «ехаць у Нямеччыну».

У гэты ж час сотня чалавек учыніла беспарадкі ў мігранцкім асяродку ў Вэнджыне, што на захадзе Польшчы. Паводле прадстаўніцы мясцовай паліцыі Ёанны Канечняк (Joanna Konieczniak), мігранты сталі паводзіць сябе агрэсіўна, спрабавалі разбурыць агароджу, патрабавалі вызваліць іх, выбілі шыбы, адмаўляліся падпарадкоўвацца сілавікам. Давялося выклікаць пажарнікаў, бо некаторыя мігранты спрабавалі падпаліць асяродак. Нікому ўцячы не ўдалося, у выніку сітуацыю ўрэгулявалі перамовамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагістычны цэнтр «Брузгі».
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Прычынай паўстання стала тое, што з асяродку збіраліся дэпартаваць у Ірак некалькі дзясяткаў чалавек, якія не адпавядалі ўмовам атрымання права на пражыванне.

26 лістапада. Паводле Міністэрства транспарту Іраку, 608 грамадзянаў гэтай краіны вярнуліся з-пад беларуска-польскай мяжы ўначы з 25 на 26 лістапада.

Тым часам на ля Белавежы польскія памежнікі адбілі атаку групы са 100 чалавек. Агулам жа за 26 лістапада нелегальна мінуць мяжу спрабавалі 206 чалавек, але іх спынілі. За спрыянне незаконнаму пераходу мяжы былі затрыманыя 7 чалавек: 6 грамадзянаў Грузіі ды 1 грамадзянін РФ.

Аляксандр Лукашэнка прыехаў да мігрантаў у транспартна-лагістычны цэнтр «Брузгі».
Фота: Сяргей Бабылёў / TASS / Forum

У той жа дзень аб 11:30 Аляксандр Лукашэнка прыляцеў да лагістычнага цэнтру «Брузгі», дзе ўтрымліваюць мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Лукашэнку суправаджалі старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо і старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік, а на месцы яго сустрэлі памочнік па Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў ды іншыя чыноўнікі.

Лукашэнка агледзеў пункт раздачы харчавання, паразмаўляў з прадстаўнікамі падкантрольнага ўладам Беларускага Чырвонага Крыжа, зайшоў у лагістычны цэнтр, а затым выступіў перад мігрантамі на дварэ. Дзяржаўнае Беларускае тэлебачанне вяло трансляцыю выступу з затрыманнем прыблізна на хвіліну, онлайн-трансляцыю спынілі праз 10 хвілінаў пасля пачатку прамовы.

27 лістапада. Ноччу з Менску ў Эрбіль вылецеў яшчэ адзін самалёт з мігрантамі. На гэтым самалёце, паводле іракскага боку, на радзіму вярнуліся 418 чалавек.

У гэты ж дзень беларускія памежнікі знайшлі труп мужчыны «афра-азіяцкай аблічнасці». Паведамляецца, што мужчыну было каля 30 гадоў, ён быў збіты і ляжаў у спальным мяшку. Цела знайшлі на адцінку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду на беларуска-літоўскай мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты рэгіструюцца на рэйс у аэрапорце «Менск».
Фота: Сяргей Бабылёў / TASS / Forum

Між тым літоўскія і польскія памежнікі паведамілі пра 233 спробы незаконнага мінання мяжы з боку Беларусі за содні.

Чытайце таксама:

ВК, belsat.eu

 

Стужка навінаў