Палітвязня Максіма Мікуліча прысудзілі да трох гадоў «хіміі»


Суд Заводскага раёна Менску 29 лістапада асудзіў да трох гадоў «хіміі» 41-гадовага палітвязня Максіма Мікуліча за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Мікулічу выставілі абвінавачванне паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Падчас пратэстаў 9 жніўня 2020 года ён стаяў у счэпцы са сваім сябрам, былым палітзняволеным экс-амапаўцам Максімам Клімовічам, якога раней ужо асудзілі за гэтыя падзеі да трох гадоў «хатняй хіміі». У счэпцы Мікуліч і Клімовіч патрапілі на фотаздымак, па якіх іх ідэнтыфікавалі і распачалі крымінальныя справы. Мікуліча затрымалі 17 жніўня 2021 года і цягам 3,5 месяцаў утрымлівалі ў СІЗА.

У выніку Мікуліча прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Палітвязня адпусцілі на волю адразу пасля абвяшчэння прысуду.

Вырак вынесла суддзя Алена Капцэвіч, дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Мікалай Дзяцел.

РР belsat.eu

Стужка навінаў