У выніку закалотаў у Махачкале пацярпелі больш за 20 чалавек, 10 – у шпіталі


Пасля масавых закалотаў у Махачкале пацярпелі больш за 20 чалавек: 10 трапілі ў шпіталь, пры гэтым двое з іх у крайне цяжкім стане.

З такімі лозунгамі пратэстоўцы атачылі аэрапорт у Махачкале.
Фота: Baza / Telegram

Сярод пацярпелых ёсць як мінімум двое прадстаўнікоў правапарадку.

Следчы камітэт Расеі ў сувязі з падзеямі ў аэрапорце Махачкалы пачаў крымінальную справу паводле артыкулу «Масавыя закалоты», за гэта прадугледжанае пакаранне ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамляюць, паліцыя выявіла асобы больш як 150 удзельнікаў закалотаў, 60 чалавек былі затрыманыя і дастаўленыя ў пастарункі.

Аэрапорт даволі моцна пацярпеў: разгромленыя склады і разрабаваныя крамы. Цяпер ацэньваюць шкоду.

«Росавіяцыя» ўжо заявіла, што аэрапорт «Уйташ» узновіць працу 31 кастрычніка а 3:00 маскоўскага часу.

На гэты момант улады кажуць, што сітуацыя ў аэрапорце пад кантролем.

Кіраўнік рэгіёну Сяргей Мелікаў заявіў, што спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў Дагестане ідуць з-за межаў краіны, імі «аперавалі» з тэрыторыі Украіны.

Нагадаем, што на Паўночным Каўказе цягам 28 і 29 кастрычніка пракаціліся антысеміцкія акцыі. 28 кастрычніка натоўп атачыў гатэль у Хасавюрце, нібыта «поўны габрэяў», а 29 кастрычніка ў Махачкале быў аточаны і аэрапорт, дзе шукалі ізраільцянаў, правяраючы пашпарты пасажыраў.

Абноўлена
У Дагестане натоўп захапіў аэрапорт, шукаў ізраільцянаў
2023.10.29 20:50

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў