Прарасейскага журналіста, рэдактара латвійскага «Імхоклабу» асудзілі за распальванне варожасці


Суд у Рызе пакараў журналіста Юрыя Аляксеева годам і двума месяцамі турмы за распальванне міжнацыянальнай варожасці, незаконнае захоўванне боепрыпасаў і распаўсюд дзіцячай парнаграфіі, паведамляе Delfi.lv.

Крымінальны працэс над Аляксеевым быў распачаты 29 лістапада 2017 году ў сувязі з публікацыяй каментароў, якія распальваюць міжнацыянальную варожасць. У ходзе следства Паліцыя бяспекі Латвіі прыйшла да высновы, што журналіст публікаваў такія каментары з 2016 году.

Падчас ператрусу ў Аляксеева знайшлі патроны для пісталету, а таксама матэрыялы, якія ўтрымліваюць дзіцячую парнаграфію.

Юрыя Аляксееў заявіў, што каментары пісаў не ён, і падкрэсліў, што яны нават не па-расейску напісаныя. Патроны, паводле журналіста, яму падкінулі падчас ператрусу, а матэрыялы, якія следства назвала дзіцячай парнаграфіяй – гэта сямейны фотаархіў, у якім ёсць фотаздымкі, дзе дзеці купаюцца.

Аляксееў упэўнены, што крымінальны працэс мае палітычны характар з мэтай напужаць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з расейскімі СМІ.

Юрый Аляксееў – расейскамоўны журналіст і рэдактар у Латвіі. Працаваў у такім выданнях, як «Бизнес&Балтия», «Коммерсант Baltic», «Бизнес.Lv». Цяпер з’яўляецца галоўным рэдактарам сайту Imhoclub.lv.

Паліцыя бяспекі Латвіі ў сваіх штогадовых справаздачах неаднаразова называла Imhoclub.lv сайтам, які «адыгрывае пэўную ролю ва ўмацаванні расейскага інфармацыйнага ўплыву ў Латвіі», а крыніцы фінансавання рэсурсу знаходзяцца ў Расеі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў