Польшча залучыла «Газпром экспорт» у санкцыйны спіс і замарозіла актывы кампаніі


Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы наклала санкцыі на даччыную кампанію расейскага «Газпрома» – «Газпром экспорт». 29 верасня назва прадпрыемства з’явілася ў санкцыйным спісе на сайце польскага МУС.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: newizv.ru

Пад санкцыямі разумеюць замарожванне ўсіх актываў кампаніі, забарону на беспасярэдняе ці ўскоснае наданне ёй рэсурсаў, забарону на абыход абмежаванняў.

Польшча тлумачыць залучэнне «Газпром экспорта» ў санкцыйны спіс тым, што кампанія на 100 % належыць «Газпрому» і ёсць яго пасярэднікам пры гандлі з замежнікамі. Фірма, паводле МУС Польшчы, – істотная крыніца даходаў для расейскіх уладаў, сродкі потым ідуць на вайну ва Украіне. Гэтак, у 2021 годзе ўгандляванае склала 22,3 млрд расейскіх рублёў.

Першы віцэ-прэзідэнт «Газпром экспорта» Міхаіл Серада застаецца пад санкцыямі ЗША. Таксама ЗША і Польшча яшчэ ў красавіку наклалі санкцыі на «Газпром».

Міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі распавёў пра яшчэ адну прычыну залучэння «Газпром экспорта» ў санкцыйны спіс. Рэч у тым, што актывы кампаніі ў Польшчы складаюць акцыі кампаніі «EuroPol Gaz», якой належыць польскі ўчастак газаправоду Ямал – Еўропа. А гэтую кампанію ў траўні ў санкцыйны спіс залучыла Расея. 31 траўня «Газпром экспорт» накіраваў польскаму аператару «Gaz-System» уведамленне пра разрыў дамовы на прапампоўванне газу. Тэрмін дамовы канчаецца 1 кастрычніка.

У Польшчы ёсць грашовы дэпазіт «Газпром экспорта», які мусіць вярнуцца кампаніі пасля разрыву дамовы. Польскія ўлады лічаць, што гэтыя грошы пойдуць на фінансаванне вайны ва Украіне. Таму і было пастаноўлена занесці кампанію ў санкцыйны спіс, у выніку чаго дэпазіт быў замарожаны.

У санкцыйным спісе Польшчы на сёння 36 расейскіх і звязаных з Расеяй фірмаў і 15 фізічных асобаў з Расеі, сярод якіх – алігархі і чыноўнікі. Таксама пад санкцыямі – беларускі дыстрыб’ютар паліва «Beloil Polska».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў