Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 30 жніўня


«Белсат» распавядае пра новыя затрыманні, суды і рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, пра якія стала вядома 30 жніўня.

Праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі яшчэ трох чалавек. Гэта Аляксей Іванчыкаў, Андрэй Андрэеў і Аляксандр Комар. Яны ўсе ўжо асуджаны па палітычна матываваных крымінальных справах, звязаных з пратэснымі акцыямі і, нібыта, ужываннем гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Інжынера Комара і Андрэева асудзілі за тое, што яны падчас антываеннага мітынгу «ішлі» на салдата, які адыходзіў ад іх спіной.

У Менскім раённым судзе адбываліся спрэчкі бакоў па «справе змоўшчыкаў». Пад час іх дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запрасіў фігурантам наступныя тэрміны: Аляксандру Фядуту, Рыгору Кастусёву і Юрыю Зянковічу – 12 гадоў калоніі, Вользе Галубовіч і Дзянісу Краўчуку – па 3 гады калоніі.

Артыкулы
Пракурор запрасіў для Фядуты, Кастусёва і Зянковіча па 12 гадоў зняволення
2022.08.30 18:40

Палітзняволеную грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу пазбавілі віду на жыхарства ў Беларусі і спаткання з роднымі – нібыта за тое, што Сапега падзялілася з кімсьці цыгарэтай. У Беларусі яе асудзілі да 6 гадоў зняволення.

Беларуска Яна Пінчук знайшлася ў Смаленску. «Яна ў Смаленску, сёння да яе хадзіў адвакат. Яна дакладна там», – паведамляе тэлеграм-канал падтрымкі дзяўчыны. Яе затрымалі ў Расеі і прынялі рашэнне выдаць Беларусі, нягледзячы на забарону Камітэту па правах чалавека ААН. 23 жніўня паведамлялася, што родным Яны два тыдні было невядома, дзе знаходзіцца дзяўчына.

У Берасцейскім абласным судзе за «падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК) да двух з паловай гадоў асудзілі студэнта 1-ага курсу Андрэя Маслава. Хлопца затрымалі ў сярэдзіне траўня наўпрост каля ўкраінскай мяжы і знайшлі ў тэлефоне перапіску з ботам полку Каліноўскага.

32-гадоваму жыхару Гомельскага раёну інкрымінавана «здрада дзяржаве» за перадачу інфармацыі тэлеграм-каналу пра вайсковыя аб’екты Беларусі. Мужчыне пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Гэта першы выпадак з пачатку вайны ва Украіне, раней людзям за падобнае інкрымінавалі арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Hавiны
«Вейшнорыю» і «Хартыю’97» прызналі экстрэмісцкімі
2022.08.30 12:59

Суд над прэс-сакратаром «А1» Мікалаем Брэдзелевым зрабілі закрытым. Яго абвінавачваюць па ч. 2 арт. 424 КК («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») і арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»).

За ўдзел у пратэстах у 2020 годзе затрымалі супрацоўніка МТЗ. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, 25-гадовы Дзмітрый Каспяровіч, які працуе майстрам на МТЗ, у 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і выходзіў на праезную частку.

На БМЗ затрымалі двух супрацоўнікаў. У панядзелак, 29 жніўня, на Беларускі металургічны завод прыязджаў АМАП. Сілавікі затрымалі двух супрацоўнікаў аддзелу інфармацыі, ідэалогіі і развіцця персаналу – гэта Дзмітрый Арцёменка і Марыя Бажынская.

Артыкулы
Хворага на сухоты палітвязня Паўла Вінаградава змясцілі ў ШІЗА, бо ён ад слабасці прылёг на ложак
2022.08.30 12:22

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў