ЗСУ перайшлі ў наступ на яшчэ адным кірунку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 492-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 30 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі вайсковец на самаходнай зенітнай устаноўцы «Гепард» падчас баявой змены ў Кіеўскай вобласці.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Ліманскі кірунак (паўднёва-заходняя частка Луганскай вобласці і поўнач Данецкай)

Усе папярэднія дні на ліманскім кірунку ініцыятывай валодалі УС РФ, якія наступалі ў Серабранскім лясніцтве і на так званым торскім выступе (у ваколіцах сяла торскае Краматорска раёну Данецкай вобласці). Такімі дзеяннямі расейцы намагаліся замацавацца на правым беразе ракі Северскі Данец і падрыхтавацца да будучых удараў украінскіх вайскоўцаў.

Разам з тым ужо ўдзень 30 чэрвеня ў прарасейскіх крыніцах з’явіліся паведамленні пра пераход ЗСУ ў наступ на ліманскім кірунку. Сцвярджаецца, што баі ідуць на торскім выстыпе, з украінскага боку задзейнічаныя шэсць брыгадаў.

Украінскі бок пакуль не каментуе гэтую інфармацыю.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

У Генеральным штабе Збройных сілаў паведамілі пра частковы поспех па лініі населеных пунктаў Прыволле – Залізнянскае, што сведчыць пра паступовае выцісканне расейцаў ад трасы на Славянск (абодва населеныя пункты знаходзяцца на поўначы ад трасы).

У Deepstate зафіксавалі зачыстку ЗСУ ўсходніх ваколіцаў вышыні 224 каля Арэхава-Васільеўкі. Імаверна, гаворка вядзецца пра адзін і той жа ўчастак фронту.

Таксама ў Генштабе заявілі, што ўкраінскія вайскоўцы мелі поспех на флангах Бахмуту, і цяпер замацоўваюцца на новых пазіцыях.

Аналітыкі Deepstate удакладняюць, што ў ваколіцах Бахмуту ЗСУ прасунуліся каля каналу Северскі Данец – Данбас.

Расейцы адзначыліся безвыніковымі контратакамі каля раённага цэнтру.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

Цягам содняў украінскія вайскоўцы працягнулі наступаць і на так званым урэмеўскім выступе на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў. У Генштабе ЗСУ адзначылі прасоўванне па лініі населеных пунктаў Ляваднае – Прыютнае.

Цяпер працягваюцца баі на поўначы ад умоўнай лініі Стэпавае – Прыютнае – Старамаёрскае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вялікая Навасілка, Данецкая вобласць.
Фота: Narciso Contreras / Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM / East News

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў цэнтральнай заходняй частках Запарожскай вобласці)

На гэтым кірунку асноўная актыўнасць ЗСУ засяроджаная ў ваколіцах гораду Арэхаў. На паўднёвым усходзе ад яго ўкраінцы маюць частковы поспех па лініі Малая Такмачка – Ачэрэтуватае.

У Deepstate адзначаюць прасоўванне ўкраінцаў у бок сяла Рабоціна (на поўдні ад Арэхава). Баі працягваюцца.

Пра складаную сітуацыю для расейцаў на гэтым участку фронту ўскосна сведчаць іх дзеянні на аддаленых ад лініі сутыкнення пазіцыях. Так, у акупаваным Такмаку Узброеныя сілы РФ стварылі дамбу на мясцовай рацэ Такмачцы. Імаверна, такім чынам расейцы спадзяюцца ў будучыні стрымаць украінскіх вайскоўцаў.

Таксама на мелітопальскім кірунку працягваюцца лакальныя сутычкі ў ваколіцах сяла Пяціхаткі ў Васільеўскім раёне Запарожскай вобласці.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне ўздоўж рэчышча Дняпра)

У Херсонскай вобласці найбольш актыўным участкам фронту застаюцца ваколіцы Антонаўскага моста цераз Дняпро. Тут ЗСУ ўтрымліваюць плацдарм пад пралётамі моста, а таксама ў прылеглых лецішчах.

Пры гэтым ранкам 30 чэрвеня УС РФ нанеслі па мосце ўдар аператыўна-тактычным ракетным комплексам «Іскандэр», у выніку чаго быў зруйнаваны адзін з пралётаў.

Адначасова з гэтым штурмавыя групы РФ заходзяць з усходу ад моста і намагаюцца выбіць ЗСУ, але пакуль сілы абароны ўдала абараняюцца пад іншым пралётам Антонаўскага моста, а таксама на захадзе ад яго на тэрыторыі лецішчаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў