Шматдзетнага бацьку адправілі на 10 сутак за лагатып «Белсат»


Шматдзетнага бацьку з сям’і Пашковічаў адправілі на 10 сутак за знойдзены ў яго ў «Аднакласніках» лагатып тэлеканала «Белсат». А ў Віцебску апытваюць жыхароў, якія маглі даваць інтэрв’ю нашаму каналу ў 2022–2023 гадах.

Частка сям’і Пашковічаў з няняй.
Фота: LIVE Витебск, я гуляю! / Telegram

Як паведамляе тэлеграм-канал «LIVE Витебск, я гуляю!», мужчыну з аграгарадка Порплішча Докшыцкага раёна арыштавалі на 10 сутак за тое, што знайшлі ў ягоным акаўнце ў «Аднакласніках» лагатып «Белсата».

Такое пакаранне вынес суддзя Вячаслаў Елісеенкаў, таксама ў мужчыны канфіскавалі мабільны тэлефон.

Як паведамляецца, арыштаваны мужчына мае чатырох малалетніх дзяцей і працуе ў мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве.

Цікава, што апошнім часам з’яўляюцца звесткі, што ў Віцебску пачалі апытваць жыхароў, якія маглі даваць інтэрв’ю «Белсату» ў 2022–2023 гадах. У сувязі з гэтым нагадваем нашым чытачам аб неабходнасці выканання захадаў бяспекі падчас чытання і праглядаў нашага рэсурсу, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў