Хронікі рэпрэсій у Беларусі 30 чэрвеня


У краіне працягваецца пераслед грамадзянаў з актыўнай пазіцыяй. Часам праявы рэпрэсій проста не ўкладаюцца ў галаве. «Белсат» падводзіць вынікі дня паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна».

Жыхарку Гомля Алу Караленку затрымалі за правядзенне ў парку дзіцячага свята. Міліцыя ўмяшалася ў свята нібыта таму, што баялася «правакацый і палітычных лозунгаў», а на масавае мерапрыемства яго ўдзельнікі не падалі заяўку ў гарвыканкам. Яе пакаралі арыштам на 7 дзён.

За абразлівы каментар пра супрацоўніка міліцыі грамадскай бяспекі Кастрычніцкага РАУС Магілёва Аўдзеева суд пакараў Алега Лябіхава двума гадамі «хіміі» і выплатай 1000 рублёў маральнай шкоды пацярпеламу.

У Горадні затрымалі Алега Сягодніка. Ён – мантажнік, бацька траіх дзяцей, раварыст, сябра ўжо ліквідаванай арганізацыі «ВелаГродна». У 2020 годзе адбываў арышт і быў аштрафаваны па арт 23.34 КаАП.

65-гадовую актывістку Алену Гнаўк адміністрацыя баранавіцкага СІЗА пакарала «суткамі» ў карцары. Там яе будуць утрымліваць да 1 ліпеня.

Пенсіянерка Алена Гнаўк у судзе па «карагоднай справе». Людзі прыйшлі на паседжанне па «карагоднай справе». Суд Берасця, 15 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Суддзя Марына Фёдарава прызнала палітвязняў Дзмітрыя Суганяева і Паліну Мартынчык вінаватымі ў «Арганізацыі і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак« (арт. 342 КК) і пакарала хлопца трыма гадамі «хіміі», а дзяўчыну – трыма гадамі «хатняй хіміі».

Палітвязня Паўла Аўчарава ў шклоўскай калоніі будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

Асуджаны да двух гадоў калоніі Арцёма Анішчука па адбыцці тэрміна не выпусцілі на волю – яго ўзялі пад варту па новай справе.

Hавiны
Палітвязень адседзеў тэрмін пакарання, але яго не выпусцілі на волю
2022.06.30 16:41

За выраз «Без Лукашэнкі!» у адрас пікета БРСМ жыхара Жабінкі Вячаслава Бычынскага асудзілі да 1,5 гадоў «хіміі».

Палітзняволенай настаўніцы музычнай школы Аксане Каспяровіч прысудзілі год і два месяцы калоніі за «Распальванне варожасці ці варажнечы».

Хворую на анкалогію пенсіянерку Галіну Дзербыш раздзявалі сілай перад судом.

Hавiны
Хворую на рак пенсіянерку гвалтоўна раздзявалі перад судом
2022.06.30 17:49

Да 15 гадоў калоніі па «тэрарыстычным артыкуле» асудзілі грамадзяніна РФ Андрэя Паднябеннага.

На 30 чэрвеня праваабаронцамі прызнаныя палітвязнямі 1236 чалавек, якія зараз знаходзяцца ў зняволенні.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў