Экс-следчаму Юшкевічу ў СІЗА выставілі яшчэ два абвінавачанні


У былога следчага і ініцыятара праекту «ByChange» Яўгена Юшкевіча, якога цяпер трымаюць у СІЗА на Валадарцы, узялі падпіску аб неразгалашэнні і прад’явілі яму яшчэ два абвінавачанні, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Яўген Юшкевіч.
Фота: «Народная воля»

Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка як падазраванага паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Акт тэрарызму»). Удома ў яго правялі ператрус, а яго самога змясцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі адваката. Цяпер Юшкевіч у СІЗА-1, а тэрмін утрымання пад вартаю яму працягнулі да 19 жніўня.

Не вядома, з якой нагоды Яўгена Юшкевіча абвінавачваюць у акце тэрарызму. Да таго ж і ў самога Яўгена, якога ўжо два з паловаю месяцы трымаюць пад вартаю, узялі падпіску аб неразгалошванні, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці абставінаў справы. Таксама ў яго на руках няма ніводнага дакументу ў гэтай справе.

Цяпер, як стала вядома «Вясне», Юшкевіча абвінавачваюць паводле арт. 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 293 («Масавыя беспарадкі»).

Пераслед і затрыманне як помста

Сам Яўген расцэньвае свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з усталяваннем праслухоўвання ў машыне ягонага бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт.

Трымаецца Юшкевіч, паводле «Вясны», добра, але аптымізму асабліва не мае. З сукамернікамі дачыненні добрыя, усе адзін аднаго падтрымліваюць. Былы следчы ведае, што яму напісалі некалькі соцень лістоў, але іх не перадаюць. Атрымлівае толькі адзінкавыя.

Нядаўна ён хварэў на COVID-19: не адчуваў пахаў два тыдні, шмат часу спаў праз слабасць. Потым пайшоў на папраўку. Нядаўна зусім ажыў: зноў адчуў пахі, аднавіў чытанне і заняткі фізкультурай падчас прагулак.

Яўгена Юшкевіча затрымлівалі ў крымінальнай справе ў 2020 годзе – 25 лістапада. Яго падазравалі паводле ч. 1 арт. 342 КК у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 4 снежня яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і адпусцілі.

4 траўня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 сілавікоў за «дыскрэдытацыйныя ўчынкі», сярод іх – Яўгена Юшкевіча.

Яўген Юшкевіч некалькі гадоў працаваў следчым. Затым ён сышоў з СК і заняўся праграмаваннем, а ўлетку 2020 года стаў адным з заснавальнікаў праекту «ByChange», які дапамагаў у навучанні і перападрыхтоўцы сілавікам, чыноўнікам ды іншым грамадзянам Беларусі, якія страцілі працу праз палітычныя погляды.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў