За ноч па Кіеве было выпушчана больш за 20 беспілотнікаў


У ноч на 30 траўня ўкраінскую сталіцу зноў масава атакавалі з паветра расейскія дроны, паведамляе Кіеўская гарадская вайсковая адміністрацыя. Ёсць загінулы і траўмаваныя.

Пажар у шматпавярховым доме ў Галасііўскім раёне. Крыніца: VA_Kyiv / Telegram

«За апошнія 24 гадзіны вораг здзейсніў ужо 3 напады. Прычым супернік увесь час змяняе зброю для нападу, пасля камбінаванай ракетна-дронавай, а затым балістычнай агрэсар ужыў выключна БПЛА», – гаворыцца ў паведамленні.

Гэта 17-ая паветраная атака па Кіеве з пачатку месяца, ажыццёўленая, паводле папярэдняй інфармацыі, выключна дронамі «Shahed». Напад быў масаваны, на розных кірунках і некалькімі хвалямі. Паветраная трывога пачалася каля другой гадзіны ночы і працягвалася амаль 3 гадзіны.

Паводле папярэдніх звестак, сілы і сродкі СПА ў паветранай прасторы Кіева знішчылі больш за 20 беспілотнікаў.

У выніку падзення абломкаў ёсць ахвяры і разбурэнні ў розных раёнах Кіева.

У Галасііўскім раёне праз падзенне абломкаў на шматпавярховы жылы дом узнікла ўзгаранне на апошніх двух паверхах. Эвакуяваныя больш за 20 жыхароў. Паводле пярэдняй інфармацыі, адзін чалавек загінуў, трое траўмаваныя. Імаверна, разбураныя перакрыцці паміж паверхамі, вядзецца пошук людзей пад магчымымі заваламі.

Пажар жылога дому ў Дарныцкім раёне ў выніку падзення абломкаў. Крыніца: VA_Kyiv / Telegram

У Пячэрскім раёне абломкі пашкодзілі аўтамабілі, у Дарныцкім раёне ў выніку падзення абломкаў загарэўся прыватны дом. Таксама пашкоджаныя прыпаркаваныя аўтамабілі. У Дняпроўскім раёне падпаленыя абломкі ўпалі на зялёную зону, у Падольскім – на нежылую забудову, а ў Святошынскім раёне абломкі ўпалі на тэрыторыю аднаго з прадпрыемстваў.

Пашкоджаны аўтамабіль у Дарныцкім раёне Кіева. Крыніца: VA_Kyiv / Telegram

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў