«Першая думка – паехаць на вайну». «N.R.M.» едзе з канцэртам у полк Каліноўскага


Гурт «N.R.M.» збіраецца ва Украіну, каб зайграць канцэрт для палка Каліноўскага. Таксама музыкі хочуць прывезці ваярам некаторыя патрэбныя на фронце рэчы. Каб іх набыць, гурт абвесціў збор грошай на платформе zrzutka.pl – за некалькі дзён кампаніі было сабрана 60 % ад патрэбнай сумы (мэта – $ 12 000). Лідар калектыву Піт Паўлаў распавёў «Белсату», што набудуць на гэтыя грошы, хто данаціць больш за ўсё, а таксама як змянілася ягонае асабістае жыццё пасля пачатку краўдфандынгу.

Піт Паўлаў
Музыка Піт Паўлаў.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Як да вас прыйшла ідэя паехаць выступіць перад каліноўцамі?

– Калі я пачуў, што створаная нацыянальная адзінка – тады гэта быў батальён Каліноўскага, які нейкім чынам адпачкаваўся ад палка «Азоў», – першая думка была натуральная і простая: «О, для беларусаў ёсць месца на гэтай вайне – мне трэба там быць!»

– Як музыку ці як ваяру?

– Першая думка – як ваяру. На той момант я не так даўно вярнуўся з Кіева, дзе здымаўся ў навагодняй праграме «Белсату», у якой заспяваў песню, напісаную падчас нашае рэвалюцыі.

У мяне былі такія прыемная ўражанні ад Кіева і гэтае паездкі, што [пасля пачатку поўнамаштабнай вайны] у мяне ўнутры ўсё абвалілася, пачалі шукацца словы, і я напісаў песню. Прыпеў гучыць так:

Даць пад дых, штурхнуць у палонку,

Нібыта лязом па вачох паласнуць.

Святло і цемра, чорнае і белае,

Зло і дабро, халодная люць.

Вось гэтая халодная люць у нейкі момант мяне апанавала. Але ў мяне не хапіла энергіі, каб туды даехаць. Я рабіў усё тое, што мог: пісаў музыку.

– Што трэба зрабіць беларускаму музыку, каб паехаць выступаць ва Украіну перад беларусамі? Наколькі гэта цяжка ў арганізацыйным плане?

– Гэта вайна. Нас украінцы запісалі ў ворагі. Нам трэба давесці ўкраінцам, што мы не рускія. Што ўсе нашыя намаганні, жаданні, сэрцы – на баку Украіны. [У сэнсе паездкі] я бачу падтрыманне нашых, але таксама тое, што ўкраінцы ў маёй асобе [пабачаць], што я цалкам адданы справе перамогі Украіны над Расеяй. Проста нашая місія з перамогай Украіны не скончыцца, нам давядзецца вярнуць сабе яшчэ сваю краіну.

Піт Паўлаў
Музыка Піт Паўлаў.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Каб праехаць мяжу, трэба прайсці праверку з боку Службы бяспекі Украіны. Я паспрабую праз полк зрабіць так, каб мяне спраўдзілі да паездкі, каб зменшыць час праверкі на мяжы.

Спадзяюся, я зараз праб’ю сцежку, і пасля па ёй паедуць мае калегі.

– Што менавіта вы збіраецеся набываць на атрыманыя грошы?

– Калі людзі сядзяць доўга ў акопах і не маюць магчымасці пайсці па сухпаёк, ім патрэбныя, скажам, мясныя чыпсы і цукеркі «Haribo» – каб падтрымаць энергетычны баланс. Каб на 10 тысячаў чалавек гэтага набыць, патрэбная значная сума. Але гэта толькі прыклад. Ёсць яшчэ больш канкрэтныя рэчы, патрэбныя для вайны. Гэта рыштунак, вопратка і іншыя нерэгулярныя рэчы. Таму што рэгулярныя кшталту бронекамізэлек, шлемаў, аўтаматаў атрымлівае кожны салдат. Але ёсць рэчы, якіх не хапае, не ўсе пра гэта задумваюцца. І гэтую дзірачку мы можам запоўніць.

– Ці вы атрымліваеце водгукі ад людзей на ідэю вашае паездкі? Як выглядае такі фідбэк?

– Фідбэк пакуль што атрымаў толькі ад палякаў. Я даў інтэрв’ю польскаму блогеру, у каментарах пад якім – моцная хваля падтрымання. Калі паглядзець на грошы, то большую частку сродкаў, якія ўжо сабраныя, закінулі палякі – і працягваюць закідваць.

Ад нашых… З Беларусі ніхто нават не лайкае мае пасты, бо за гэта можна сесці. Таму пра падтрыманне можна толькі здагадвацца. Мой унутраны стрыжань кажа, што я на месцы, што я раблю тое, што трэба – і ў мяне прыліў энергіі. І ўсе мае балячкі – калені там або праблемы з голасам – усё адступіла.

Учора пайшоў на турнік і вельмі добра патрэнаваўся. На працы не засынаю, а, наадварот, бадзёры. Таму, што ў мяне ёсць справа, ёсць адказнасць. Перад хлопцамі з палка і перад тымі, хто данаціць.

Піт Паўлаў
Музыка Піт Паўлаў.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Некалькі дзён таму я граў на мітынгу падтрымання палітвязняў у Варшаве. Да мяне падышла дзяўчына з Парнату (слэнгавая назва Рэспубліканскай школы-інтэрнату па музыцы і выяўленчым мастацтве ў Менску. Лічыцца, што назва паходзіць ад Парнасу, вуліцы Парніковай, дзе размяшчаецца школа, і слова «інтэрнат». – Заўв. рэд.). У яе сяброўка цяпер сядзіць, а яна тут. Вельмі дэмаралізаваная. Кажа, што дагэтуль не можа змірыцца – і пачынае апісваць, што яе сяброўка зрабіла. Я кажу: «Ды неістотна, што яна зрабіла, бо вы ўсё зрабілі правільна. Гэта яны злачынцы, а не мы. Вы ні чым не вінаватыя».

Людзі разгубленыя, яны шукаюць падтрымання. І ў пэўны момант такім падтрыманнем магу быць я. Але не заўсёды, на жаль.

Размаўляў Ян Лісіцкі

Стужка навінаў