Грамадзянін Расеі на BMW спрабаваў прарвацца праз польска-беларускую мяжу


Раніцай 30 траўня грамадзянін Расеі пратараніў шлагбаум на польскім пагранпераходзе «Тэрэспаль» і хацеў трапіць у Беларусь. Мужчыну ўдалося затрымаць, аднак ягоная жонка з трыма дзецьмі паспела дабегчы да беларускіх памежнікаў, паведамляе тэлеграм-канал «GranicaBYPL».

Расеец спрабаваў прарвацца праз польска-беларускую мяжу. Крыніца: granica_bypl / Telegram

Паводле папярэдняй інфармацыі, грамадзянін Расеі (па нацыянальнасці чачэнец) на чорным BMW X5 на хуткасці пратараніў шлагбаум з польскага боку. Як паведамляюць сведкі, тады польскія памежнікі на шляху ягонага аўто разгарнулі паласу з шыпамі. Дзякуючы гэтаму ўдалося спыніць парушальніка на мосце праз Заходні Буг – ён прабіў у сваім аўтамабілі кола.

У салоне былі таксама жонка мужчыны і трое дзяцей, якія нібыта паспелі перабегчы на беларускі бок. Расейца ж затрымалі польскія памежнікі.

«Прабіў колы на сярэдзіне маста і затрымаўся перад аўтобусам. Жонка з трыма дзецьмі перабегла ў Беларусь. Памежнікі прыехалі на дзвюх машынах закавалі ў кайданкі. На беларускім баку таксама напружанне», – паведамілі ў тэлеграм-канале «GranicaBYPL».

Рух на адзіным прапускным пункце на польска-беларускай мяжы быў спынены. Пагранведамствы Польшчы і Беларусі інцыдэнт пакуль не каментуюць.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў