Украінскіх байцоў упершыню вывезлі на лекаванне ў Нямеччыну. Паўдзельнічала беларуская доктарка


Нямецкія медыкі самі захацелі дапамагчы цяжка параненым украінцам. Магчыма, байцы пасля лекавання дапамогуць даставіць ва Украіну машыны хуткай дапамогі ад фонду, што давёз іх да лякарні.

Шпіталь Люізэн. Аахэн, Нямеччына. Выява: luisenhospital.de

Фонд «Ветразі свабоды» з Нідэрландаў арганізаваў лекаванне шасці цяжка параненым украінскім вайскоўцам у нямецкім шпіталі. Ініцыявалі і скаардынавалі гэта ўкраінка Марыя Пэдэнка – медычная каардынатарка фонду «Ветразі свабоды» – і беларуская доктарка Юлія Таршыс са шпіталю Люізэн (Luisenhospital) у нямецкім Аахэне. Транспартаванне аплаціў фонд, а аплату лекавання падзеляць шпіталь і нямецкі ўрад. Як гэта зладзілі, Марыя і Юлія расказалі ў эфіры «Белсату».

Гутарка з Марыяй і Юліяй – ад 41-й хвіліны.

Марыя Пэдэнка расказвае, што перавозіць была няпроста, бо параненыя вайскоўцы не маюць «аўтаматычнага» юрыдычнага права выязджаць з Украіны. Трэба было знайсці іх асабіста, прайсці працэдуру атрымання дазволу на выезд, знайсці перавозніка. У працэдуры выпуску вайскоўцаў за мяжу ўдзельнічаюць тры міністэрствы, і такую працэдуру праводзілі ўпершыню. Лекараў, якія дапамаглі прайсці яе, Марыя называе героямі. Магчыма, далей працэдуру можна будзе спрасціць.

Лекаванне вайскоўцаў у Нямеччыне не было загадам на дзяржаўным узроўні – сама лякарня захацела дапамагчы. Паводле Юліі Таршыс, медыкі ў Нямеччыне «за паўсекунды» пастанавілі, што гатовыя прыняць украінскіх пацыентаў, хоць баявыя раненні для нямецкай клінікі нячастыя. Дактары і нават медсёстры былі «неймаверна ангажаваныя», кажа яна, хоць клініка і без таго загружаная. Пасля гэтага ўжо сталі шукаць, каму могуць дапамагчы ў гэтай канкрэтнай клініцы і хто з пацыентаў вытрывае наземны транспарт – Украіна закрыла паветраную прастору 24 лютага.

«Іх лекуюць усе, усе аддзяленні клінікі залучаныя», – кажа Юлія. З параненымі працуюць траўматолагі, хірургі чэраўнай паражніны, пластычныя хірургі ды іншыя дактары.

У нямецкую клініку прывезлі людзей пераважна з траўмамі апорна-рухальнага апарату, ёсць таксама раненні лёгкіх ды іншыя. Байцы ў лякарні толькі тыдзень, аперацыі прайшлі толькі ў трох з шасці, расказвае Юлія. Лекаванне ідзе, хоць «пра нейкія грандыёзныя вынікі казаць немагчыма». Колькі будзе трываць лекаванне, сказаць цяжка: трэба стабілізаваць стан апорна-рухальнага апарату, вылекаваць інфекцыі і закрыць раны, пасля спатрэбіцца рэабілітацыя.

Са словаў Марыі, цяпер украінскіх вайскоўцаў гатовыя прымаць на лекаванне Польшча, Нямеччына і Іспанія, а іншыя краіны лекуюць цывільных. Ці шмат лякарняў у Нямеччыне прымаюць украінскіх вайскоўцаў, Марыя і Юлія не ведаюць – афіцыйна такіх лічбаў не называлі.

Вылекаваных байцоў трэба будзе яшчэ давезці назад. Марыя спадзяецца, што атрымаецца не проста даставіць іх на радзіму, але і пасадзіць іх за руль машынаў хуткай дапамогі, якія фонд «Ветразі свабоды» купляе і перавозіць ва Украіну.

Фонд «Ветразі свабоды» ўтварылі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. З 1 сакавіка «Ветразі» выслалі ва Украіну 70 машынаў хуткай дапамогі, нават адну пажарную машыну, а таксама больш за 100 тонаў іншай гуманітарнай дапамогі.

Аналітыка
Рэйкавая вайна ў Беларусі: дыверсіі, рэпрэсіі ды пагрозы забіваць партызанаў
2022.04.02 10:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў