Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША. З Ціханоўскай сустрэліся дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен і ягоная намесніца Ўэндзі Шэрмэн.
Як паведамілі ў Дзяржаўным дэпартаменце, бакі абмеркавалі падтрыманне рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і намаганні ЗША ў прыцягненні рэжыму да адказнасці за ягоны суўдзел, а таксама за рэпрэсіі супраць правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў.
Ўэндзі Шэрмэн разам са Святланаю Ціханоўскаю заклікалі пакласці канец здушэнню дэмакратычных галасоў рэжымам Лукашэнкі і вызваліць усіх палітычных вязняў у Беларусі. Было падкрэсленае нязменнае падтрыманне Злучанымі Штатамі дэмакратычных памкненняў беларускага народу.
«Мы абмеркавалі з дзяржсакратаром і намеснікам дзяржсакратара ЗША ролю Беларусі ў вайне ва Украіне. Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасці за ўчыненне ваенных злачынстваў, а не стаць перамоўнікам. Мяне запэўнілі, што беларусы, якія змагаюцца супраць дыктатуры ды абараняюць свабоду, могуць разлічваць на падтрыманне ЗША», – напісала Святлана Ціханоўская ў Twitter.
ПС belsat.eu