БРСМаўцы выйшлі на пікет да амбасады ЗША. Ім адказалі, хоць у дыпламатаў быў выходны


Пікет каля амбасады ЗША.
Фота: Еўрарадыё

Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі 30 красавіка правялі чарговы пікет ля амбасады ЗША. Іх ніхто не разганяў і не затрымліваў.

Каля двух дзясяткаў студэнтаў БНТУ і сябраў БРСМ з чырвона-зялёнымі сцягамі замест навучання выйшлі на пікет каля амерыканскай амбасады. Яны асуджалі ЗША за «дачыненне да арганізацыі дзяржаўнага перавароту» ў Беларусі.

Як адзначае «Еўрарадыё», дэманстранты трымаюць такія самыя плакаты, як месяц таму, 23 сакавіка: «Байдэн, мацней трымайся за парэнчы», «Даеш сумленныя выбары ў ЗША», «Калі пачнуць перамовы па перадачы ўлады Трампу?».

Паводле звестак выдання, у амбасадзе ЗША быў выходны.

Тым не менш у акаўнце дыппрадстаўніцтва ў Facebook пракаментавалі пікет БРСМ.

«Сёння ўлады дазволілі мірным дэманстрантам, якія падтрымліваюць рэжым, сабрацца ля нашай амбасады. Зноў вітаем мірны пратэст. Мірным дэманстрантам, якія выступаюць за дэмакратыю, патрэбна таксама забяспечыць права на свабоду сходаў без рэпрэсіяў. Двайныя стандарты кідаюцца ў вочы», – заявілі ў амбасадзе.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў