Чаму ў Беларусь вярнуўся адзёр – і як праверыць, ці маеш імунітэт


У Беларусь у 2023 годзе раптоўна вярнуўся адзёр – вірусная інфекцыя, якая амаль не сустракалася тры гады. Вакцыну ад адру прыдумалі яшчэ шэсцьдзесят гадоў таму, у Беларусі амаль усе маюць быць вакцынаваныя. Што магло здарыцца?

Адзёр
Высыпка, характэрная для адру. Нью-Ёрк, ЗША. 1958 год.
Фота: Dr. Heinz F. Eichenwald / CDC / Wikimedia

Гэта не маштабная эпідэмія

Паводле статыстыкі Сусветнай арганізацыі здароўя (WHO), у Беларусі ў 2020 і 2022 гадах не было зафіксавана выпадкаў адру, а ў 2021 годзе – усяго тры выпадкі.

Але ў канцы 2023-га ў Беларусі сталі заўважаць дзясяткі выпадкаў адру. Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла 14 снежня 2023 года, што выявілі ажно 160 выпадкаў. 26 студзеня 2024 года паінфармавалі ўжо пра 204 выпадкі.

Падобныя да гэтага ўспышкі бывалі і раней: 201 выпадак у 2019 годзе, 259 – у 2018-м, 149 – у 2006-м. У 1990-я адзёр быў часцейшай з’явай, у 1993-м выявілі аж 3874 выпадкі.

Ды ў суседняй Расеі за мінулы год зарэгістравалі (PDF) не менш як 10,7 тысячы выпадкаў, у Казахстане – амаль 13,7 тысячы. Ва Украіне ў 2017–2019 гадах было агулам больш за 100 тысяч выпадкаў. У бяднейшых краінах свету здараюцца і горшыя эпідэміі: так, на Мадагаскары ў 2019 годзе было 213 231 выпадкаў адру пры насельніцтве 27,5 млн чалавек.

Беларуская педыятр Мая Церакулава, якая цяпер працуе за мяжой і вядзе Youtube-канал «Само пройдёт?», кажа «Белсату»: 160–200 выпадкаў адру ў Беларусі – гэта няшмат. Адзёр вельмі заразлівы (кантагіёзны), і калі б не масавая вакцынацыя дзяцей, былі б дзясяткі тысяч хворых.

«Паказнік на 200 выпадкаў кажа аб тым, што гэта ўспышкі, абмежаваныя арэалам. Гэта яшчэ не эпідэмія», – кажа Церакулава.

Яна падкрэслівае, што з адром у Беларусі найчасцей сутыкаюцца звычайныя ўчастковыя педыятры, а не толькі інфекцыяністы, бо найчасцей адзёр выяўляюць у дзяцей.

Інтэрв’ю
Педыятр Мая Церакулава, якая ўцякла з Беларусі ад рэпрэсіяў, стварыла YouTube-канал пра дзіцячае здароўе
2023.10.22 08:30

Чаму раптам адбылася ўспышка

Міністэрства аховы здароўя Беларусі пісала, што са 160 пацверджаных выяўленых выпадкаў адру 75 % было ў невакцынаваных, астатнія 25 % не ведалі, ці былі вакцынаваныя. Калі пазней паведамілі пра 204 выпадкі, то 62 % выпадкаў было ў Берасцейскай вобласці, дзе ўспышка была звязаная «ў тым ліку з рэлігійнымі грамадамі», «злоснымі адмоўнікамі ад вакцынацыі».

Ці сапраўды праблема толькі ў невакцынаваных? Церакулава ўпэўненая, што так: кажа, іншых тэорыяў выдумаць не можа.

«Вакцына ад адру дастаткова простая і эфектыўная, дае амаль 100 % гарантыі адсутнасці хваробы, – расказвае педыятр. – Яна настолькі эфектыўная, што калі яе робяць двойчы, у 1 год і 6 гадоў, яна фактычна пажыццёвая, у дарослых людзей звычайна ёсць імунітэт да адру. Захварэць на адзёр можна толькі будучы невакцынаваным».

Суразмоўца адзначае розніцу між «заразіцца» і «захварэць». Адзёр перадаецца паветрана-кропельным шляхам, літаральна лётае ў паветры. Удыхнуць вірус можа кожны, незалежна ад вакцынацыі.

Калі вакцынаваная асоба падхопіць вірус, то арганізм настолькі хутка адрэагуе, што чалавек хіба адчуе слабасць, а тэмпература падымецца да 37,5°. Тыповых сімптомаў адру, якія ў невакцынаванага развіліся б за дзесяць дзён, у вакцынаванага амаль дакладна не будзе, бо арганізм паспее перамагчы вірус да з’яўлення сімптомаў. Невакцынаваны ж прыйдзе да доктара ўжо з тыповымі сімптомамі адру: высыпкай, тэмпературай пад 40 і іншым.

Але тэсты пакажуць аднолькавы вынік у вакцынаванага і невакцынаванага, калі яны падхопяць вірус адру: імунны адказ ёсць, абодвух залічаць у інфікаваных. Невакцынаваны можа хварэць месяц, мець ускладненні, нават памерці. Вакцынаваны заразіцца, будзе мець станоўчы адказ цягам тыдня, але не захварэе.

Вакцынаваным, падкрэслівае Церакулава, няма чаго баяцца. Але чалавецтва яшчэ не перамагло адзёр, вірус ніколі не знікаў канчаткова. Калі ў папуляцыі з’яўляецца шмат невакцынаваных – здараюцца эпідэміі. Але 100–200–300 выпадкаў адру ў Беларусі – яшчэ не эпідэмія, а кантраляваная ўспышка.

Дзе і як вакцынавацца

Калі чалавеку з Беларусі больш за шэсць гадоў, то хутчэй за ўсё, гэты чалавек ужо вакцынаваны: паводле афіцыйных звестак, ахоп прафілактычнай вакцынацыі ў Беларусі, як заяўлялі ўлады, звыш 98 % насельніцтва (праўда, дакладную першакрыніцу і дату гэтай заявы знайсці не ўдалося).

Вакцынацыя дзіцяці
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вакцынацыя дзіцяці.
Фота: Dvidshub.net

Калі няма ўпэўненасці ў тым, ці была вакцынацыя ад адру, трэба звярнуцца ў паліклініку, амбулаторыю ці фельчарска-акушэрскі пункт. Там скажуць, ці трэба вакцынавацца, а калі звестак пра вакцынацыю зусім няма, зробяць аналіз на антыцелы. І нават калі чалавек жыве не паводле месца рэгістрацыі, ён можа прайсці вакцынацыю на месцы фактычнага жыхарства, прыпісаўшыся да адпаведнай паліклінікі.

Што да дзяцей, то вакцынацыя ад адру ўваходзіць у спіс абавязковых прышчэпак і робіцца ў адзін год і ў шэсць гадоў. Дактары маюць нагадаць бацькам, што прыйшоў час вакцынавацца. Калі не нагадалі, то варта самастойна звярнуцца і спытаць, ці не прыйшоў час вакцынаваць дзіця.

Вакцынацыя ад адру ў Беларусі бясплатная, але прыватныя медычныя цэнтры прапаноўваюць і платную вакцынацыю.

Hавiны
У Беларусі спрагназавалі прыход эпідэміі грыпу. Палова насельніцтва не хоча вакцынавацца
2024.01.18 16:37

У Беларусі прапаноўваюць тры вакцыны: расейскую «Вектор ГНЦ ВБ» ад адру, індыйскую «Serum Institute of India» ад адру, краснухі і паратыту (свінкі), а таксама падобную «трайную» бельгійскую «GlaxoSmithKline». Нараканняў на эфектыўнасць гэтых вакцынаў у адкрытых крыніцах не было (хоць вытворца расейскай вакцыны ад адру нядаўна прапаноўваў вакцыну ад ковіду з адмоўнай эфектыўнасцю, выглядае, што вакцына менавіта ад адру ў цэнтру «Вектор» атрымалася якасная), а ў эфектыўнасці бельгійскай і індыйскай вакцынаў навукоўцы даўно пераканаліся.

Паведамленняў аб тым, што недзе ў Беларусі сур’ёзныя праблемы з даступнасцю вакцынаў, апошнім часам не было – у найгоршых выпадках расказвалі, што ў паліклініцы прасілі пачакаць каля тыдня.

Чым тады страшны адзёр

Бо невакцынаваныя ад яго могуць і памерці, заразлівасць віруса вельмі высокая, а тэмпы вакцынацыі не радуюць медыкаў.

Адзёр – адна з самых заразлівых хваробаў: адзін інфікаваны можа заразіць 9 з 10 невакцынаваных, якія з гэтым чалавекам кантактавалі. Лекаў ад адру не існуе, ёсць толькі вакцыны і спосабы палегчыць сімптомы.

Невакцынаваны чалавек, калі захварэе на адзёр, пабачыць першыя сімптомы праз 10–14 дзён пасля кантакту з вірусам. Спачатку будуць насмарк, кашаль, пачырваненне вачэй, дробныя белыя пляміны на ўнутранай паверхні шчок, потым з’явіцца высыпка – звычайна спачатку на твары і зверху шыі, потым на руках і нагах. Ускладненні могуць прывесці да слепаты, інфекцыі вуха, энцэфаліту, абязводжвання праз цяжкую дыярэю, пнеўманіі, нават і смерці.

Да таго, як вынайшлі вакцыну ад адру, гэты вірус быў значна больш небяспечны, забіваў нашмат больш людзей. Да Першай сусветнай вайны на адзёр прыпадала каля 1 % усіх смерцяў. А калі ў XIX стагоддзі еўрапейцы дабраліся астравоў Вялікі Андаман, што блізу Індыі, адзёр забіў палову карэннага насельніцтва, якое не мела імунітэту.

Вакцынацыя дзіцяці ад адру ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вакцынацыя дзіцяці ад адру ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. 24 лютага 2024 года.
Фота: CDC Global / Flickr / Wikimedia, CC BY 2.0

Колькі памерла ад адру па ўсім свеце за мінулы год, яшчэ не падлічвалі, але ў Еўропе ў 2023 годзе, паводле звестак WHO, ад адру памерлі ўсяго толькі 5 чалавек пры амаль 21 тысячы выпадкаў. Колькасць смерцяў ад адру за 2022 год ацэньвалі на 136,2 тысячы ва ўсіх краінах свету.

Каля 1,8 млн дзяцей прапусцілі вакцынацыю ад адру ў 2020–2022 гадах, звяртае ўвагу WHO. Ад гэтага ахоп вакцынацыі па Еўропе скараціўся з 96 % да 93 % адной дозай, з 92 % да 91 % дзвюма дозамі. У свеце жа паводле стану на 2022 год толькі 83 % атрымалі адну дозу вакцыны, 74 % – дзве дозы, 22 млн дзяцей прапусцілі вакцынацыю. А каб не было буйных успышак, трэба, каб не менш за 95 % дзяцей былі вакцынаваныя.

Hавiны
Як Лукашэнка прыйшоў да ковід-дысідэнцтва. Згадваем галоўныя выказванні
2021.10.22 18:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў