«Гэта проста смешна». У палку Каліноўскага адказалі на закіды былога калегі са службы


Былы каліновец Яўген Міхасюк (Аўгуст) выставіў шэраг абвінавачанняў супраць фармавання добраахвотнікаў, што ваюе ва Украіне супраць расейскіх войскаў. Камандзір батальёну «Волат» палка Каліноўскага Ян Мельнікаў (Беларус) у эфіры «Белсату» адказаў на гэтыя папрокі.

Камандзір батальёну «Волат» Ян Мельнікаў.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

Сыход Яўгена Міхасюка з палка Кастуся Каліноўскага адгукнуўся скандалам. Ваяр, як кажуць, вынес смецце з хаты. Ён заявіў, што фармаваннем кіруюць неадукаваныя і непрафесійныя асобы, у палку пануе гвалт і культ сілы, непразрыстасць і кумаўство. Таксама Міхасюк фактычна абвінаваціў камандаванне ў крадзяжы ахвяраванняў. На гэтыя закіды камандзір батальёну «Волат» Ян Мельнікаў (Беларус) адказаў у эфіры «Белсату».

Пра адукацыю кіраўніцтва

«Нашае асноўнае кіраўніцтва – людзі з вялікім жыццёвым досведам, якія Аўгусту гадзяцца ў бацькі. Гэтыя людзі маюць вышэйшую адукацыю, гэтыя людзі ад 2014 года знаходзяцца на вайне, і гэта лепей за любы падручнік, калі ты жыўцом бачыш, як працуюць камандзіры, падраздзяленні, батальённая ці палкавая структура. Кіт, Ваніш, Псіхолаг наш паранены, Літвін, які загінуў пад Бучай, – выхадцы з палка «Азоў», на сваім уласным досведзе бачылі, як працуе фронт і як працуюць камандзіры».

Пра колькасць ваяроў

«Тое, што не адпавядае рэчаіснасці, штатныя структуры палка і батальёна, гэта так, але людзей – сотні. І самае смешнае, што Аўгуст не можа ведаць. У нас так зроблена структура, што я, камандзір батальёна, не ведаю, колькі ўсяго цяпер асобаў у палку. Я ведаю, што гэта больш за нейкую пэўную колькасць соцень, але дакладнай лічбы не ведаю нават я. Адкуль можа ведаць дакладную колькасць Аўгуст? Напэўна, ён прэтэндуе на брыгадную выведку, таму і ведае лепей за ўсіх».

Пра зняволенне ў сутарэнні

«За ўвесь час ад стварэння палка да сёння я ведаю пра два выпадкі, калі людзей кідалі ў падвал. Гэта былі людзі ў алкагольным стане. Баец, які цяпер у «Тэроры» ваюе, ужыў багата алкаголю, быў, мякка кажучы, у непрацоўным стане, пачаў хлопцаў падбухторваць, казаў браць зброю і проста цяпер ехаць у Крым, заходзіць дыверсійнай групай. Гэта было небяспечна. У яго забралі зброю і памясцілі ў падвал».

Камандзір батальёну «Волат» Ян Мельнікаў.
Фота: полк Каліноўскага / Telegram

Пра гвалт

«Абвінавачанні ў збіцці – гэта проста смешна, таму што да агульнага ведама беларусаў, публікі нашыя незалежныя медыі даюць інфармацыю пра тое, што хтосьці быў пакараны тым, што хадзіў з пластыкавым пісталетам або з нашыўкай «Спытай, чаму я ў бронекамізэльцы». Такія выпадкі [збиццё] калі б былі, пазыўныя ды факты агучылі б ужо даўно, яны б ужо былі ў сеціве. Гэта проста смешна, што маленькую прэтэнзію асобаў да кіраўніцтва немагчыма схаваць, а сістэматычнае збіццё і падвал – яно так прыхавана, што ніхто не ведае ніводнага факту ці нейкіх дадзеных».

«Ад крыўды сабраў бруд»

«Мы ўсе неідэальныя, у нас няма нейкага дэтэктара, які б паказваў адэкватнасць і сур’ёзны дарослы настрой тых асобаў, што прыходзяць да нас у полк. Усе людзі розныя, па-рознаму ўспрымаюць тыя ці іншыя моманты. Хтосьці сябе лічыць Напалеонам, а яму кажуць: не, выбачай, ты просты баец. Ад гэтага ён крыўдзіцца і пачынае адразу збіраць увесь бруд. Гэта рыторыка хлопцаў Боцмана, якія хацелі «адціснуць» полк, але ў іх не атрымалася выгнаць кіраўніцтва. Гэта абраза, якую можна накіраваць на любую асобу ў свеце. Калі ты сапраўды ведаеш факты, што выкрадаюць грошы, данаты не даходзяць, іх у кішэню кладуць, – ну прывядзі факты, на «Лексусе» ездзіць хтосьці са штабу, хтосьці паліць дарагія цыгарэты ці п’е дарагое віскі. Дык нават такога няма! Проста: «Усе крадуць, усе гвалтуюць, усе дрэнныя».

Hавiны
Беларускія добраахвотнікі ўтварылі новае вайсковае фармаванне ва Украіне
2022.12.25 16:13

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў