Як тры мінулыя рэферэндумы ўплывалі на рэальнае жыццё беларусаў


27 лютага 2022 года ў Беларусі маюць правесці «рэферэндум» аб зменах у Канстытуцыю. У 1995, 1996 і 2004 гадах ужо былі рэферэндумы. Яны сапраўды мянялі палітычную сістэму ці былі толькі «канстатацыяй факту»?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг на Дзень Волі. 24 сакавіка 1996 года. Менск, Беларусь.
Фота: Георгі Ліхтаровіч / vytoki.net

Чаму рэферэндумаў было тры

Журналіст Сяргей Навумчык у 1990–96 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, каардынатарам парламенцкай Апазіцыі Беларускага народнага фронту. Ён на ўласныя вочы бачыў, як Аляксандр Лукашэнка ператварыўся з законна выбранага прэзідэнта ў аўтарытарнага кіраўніка, які мяняе законы пад сябе. У 2010-х Навумчык напісаў пяць кніг пра 1991–95 гады.

Сяргей Навумчык кажа «Белсату»: Лукашэнка з першага дня імкнуўся зламаць дэмакратычную сістэму і ўсталяваць аднаасобны кантроль, цалкам падпарадкаваць сабе ўсё – «як у арміі».

Галадаванне ў Вярхоўным Савеце. Другі злева – Сяргей Навумчык. Менск, Беларусь. 11–12 красавіка 1995 года.
Фота: Лявон Дзейка / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

«Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў краіне, дзе была сфармаваная, хаця і не цалкам, парламенцкая сістэма дэмакратыі, – распавядае Навумчык. – Яшчэ б 5–6 гадоў парламенцкай рэспублікі – і дэмакратыя была б незваротнаю. Таму БНФ і выступаў супраць прэзідэнцтва».

Зламаць гэта за адзін дзень, нават за адзін год, было нерэальна, упэўнены ён. Адсюль – паступовыя крокі: права прэзідэнта распускаць парламент (1995), умацаванне прэзідэнцкай улады праз змену Канстытуцыі (1996) і зняцце абмежавання на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў (2004). Навумчык называе гэта «класічнаю мадэллю ўсталявання дыктатуры».

Тэст
У Беларусі было ўжо тры рэферэндумы. Ці нават чатыры? Плебісцыт-тэст!
2022.01.20 19:59

«Пачыналі з малога»: ніхто, адзначае ён, не звярнуў увагу на тое, як у верасні 1994 года дэпутатаў Апазіцыі БНФ пазбавілі права на тэлеэфір. Першы рэферэндум ужо быў «праведзены праз тэрарыстычны акт» – збіццё дэпутатаў проста ў будынку Вярхоўнага Савету. А скончылася ўсё, кажа Навумчык, «фашызмам і дзяржаўным тэрорам»:

«Лукашэнка хацеў працягнуць менавіта сваю ўладу, розныя варыянты кшталту ратацыі Пуцін – Мядзведзеў – Пуцін яго не задавальнялі, бо па сваёй прыродзе ён не давярае нікому. Грамадства паступова прывучалі да таго, што Лукашэнка кантралюе ўсё большую сферу дзяржаўнага жыцця і ў грамадства застаецца ўсё менш свабоды. Калі б, скажам, ён прапанаваў зняць абмежаванні не ў 2004-м, а ў 1995 годзе, яго б не падтрымалі, а праз 9 гадоў людзі ўжо былі да гэтага гатовыя».

Пра значэнне кожнага з трох рэферэндумаў «Белсат» пагутарыў з Андрэем Казакевічам – доктарам палітычных навук і дырэктарам інстытуту «Палітычная сфера».

Андрэй Казакевіч.
Фота: Svaboda.org

Што змяніў рэферэндум-1995

Здавалася б, Лукашэнка прасіў сабе не такое і вялікае паўнамоцтва: усяго толькі права распускаць парламент у выпадках грубых ці сістэматычных парушэнняў Канстытуцыі.

«Гэты рэферэндум дазволіў Аляксандру Лукашэнку прадэманстраваць, што большасць – на ягоным баку, – тлумачыць Казакевіч. – Маральная, палітычная перавага прэзідэнта над парламентам стала відавочнаю. Прынамсі над Вярхоўным Саветам ХІІ склікання: у канцы 1995 года быў выбраны новы склад парламенту, і супрацьстаянне працягнулася».

Аб’ектыў
32 гады таму беларуская мова была адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Што з ёй адбываецца цяпер?
2022.01.26 22:55

Разам з тым прынялі замену нацыянальных герба і сцяга на мадыфікаваныя савецкія ды наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай разам з беларускаю. Таксама беларусаў спыталі, ці падтрымліваюць яны дзеянні Лукашэнкі ў эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі – перамог варыянт «за».

Ды галоўным вынікам для Лукашэнкі, кажа Казакевіч, было тое, што Лукашэнка мог скансалідаваць большасць, і большасць падтрымала ягоную павестку. Гэта дазволіла яму быць значна больш упэўненым у далейшай канфрантацыі з парламентам.

«Рэферэндум даў карт-бланш на тое, каб згарнуць беларусізацыю, – разважае палітолаг. – Хутчэй за ўсё, яна і так бы запаволілася пры кіраванні Лукашэнкам. Але такім чынам была магчымасць яе адразу згарнуць – пачаць пераслед апанентаў за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, «адмяніць» (маргіналізаваць выкарыстанне) беларускую мову. Заўсёды можна было апеляваць, што вось, людзі выказаліся, яны гэтую сімволіку і мову не любяць. Фармальна БЧБ і Пагоня, вядома, ніколі не былі забароненыя, але з гэтага часу за выкарыстанне так званай незарэгістраванай сімволікі пачалі актыўна караць».

Быў і вонкавапалітычны вынік, дадае ён: Лукашэнка паказаў замежжу, што ён прарасейскі палітык не толькі на словах, а рэальна гатовы спыніць беларусізацыю і курс на суверэнітэт, распачаць паглыбленне інтэграцыі з Расеяй.

Што змяніў рэферэндум-1996

Андрэй Казакевіч называе гэты рэферэндум «ключавым момантам у кансалідацыі аўтарытарнай улады»: на ім перамог, хоць і са шматлікімі зафіксаванымі парушэннямі выбарчага заканадаўства, варыянт паправак у Канстытуцыю, прапанаваных Лукашэнкам, якія надавалі яму фактычна неабмежаваныя выканаўчыя і заканадаўчыя паўнамоцтвы.

«Да гэтага рэферэндуму парламент усё ж быў самастойнаю крыніцай улады, – згадвае ён. – дэпутаты былі не так даўно выбраныя, яны таксама мелі народны мандат, вынікі выбараў не аспрэчваліся. Таму дэпутаты сябе даволі ўпэўнена адчувалі, ініцыявалі нават працэдуру імпічменту супраць Лукашэнкі. Парламент меў рэальную ўладу праз тое, што прымаў законы, з якімі Лукашэнка і ўвесь дзяржаўны апарат былі вымушаныя лічыцца».

Папраўкі 1996 года не проста парушылі прынцып падзелу ўлады, але дазволілі Лукашэнку перабудаваць усе палітычныя інстытуты: самастойна прызначыць новы ўрад, распусціць Вярхоўны Савет і фактычна прызначыць Палату прадстаўнікоў, адабраўшы 110 лаяльных дэпутатаў.

Мітынг супраць рэферэндуму. Між 18 і 24 лістапада 1996 года. Менск, Беларусь.
Фота: Георгі Ліхтаровіч / vytoki.net

Паводле новай Канстытуцыі, прэзідэнт атрымаў магчымасць вызначаць склад усёй выканаўчай улады (і толькі фармальна зацвярджаць прэм’ера ў Палаце прадстаўнікоў – ужо пасля прызначэння), прызначаць суддзяў і старшыню Вярхоўнага Суда (фармальна зацвердзіўшы ў Савеце Рэспублікі, які сам і прызначыў), палову суддзяў і старшыню Канстытуцыйнага Суда (фармальна – толькі палову, а другую палову прызначаў Савет Рэспублікі).

Урэшце, Канстытуцыя 1996 года давала магчымасць прэзідэнту выдаваць дэкрэты і ўказы, якія мелі больш юрыдычнай моцы за законы: выходзіць, Лукашэнка мог адмяніць любы закон, чым актыўна карыстаўся.

«Гэта дало магчымасць да выбараў 2001 года спакойна скансалідаваць уладу і паступова знішчыць ці моцна аслабіць альтэрнатыўныя палітычныя цэнтры ды сілы ў Беларусі», – рэзюмуе Казакевіч.

Hавiны
Ціханоўская заклікае прыйсці на выбарчыя ўчасткі падчас рэферэндуму
2022.01.21 14:44

А там жа ў 1996 годзе яшчэ былі розныя пытанні…

Ад Лукашэнкі – пра перанос Дня Незалежнасці на 3 ліпеня (перамог варыянт «за»), пра вольны продаж сельскагаспадарчых земляў («супраць») і скасаванне смяротнага пакарання («супраць»). Ад Вярхоўнага Савету – пра выбарнасць мясцовых органаў улады («супраць») і пра абавязкова галоснае фінансаванне ўсіх галінаў улады толькі з дзяржаўнага бюджэту («супраць»).

Казакевіч кажа, пытанні ад Лукашэнкі былі прапанаваныя з папулісцкага пункту гледжання: каб рэферэндум быў не толькі пра пашырэнне ягонай персанальнай улады, але і пра больш шырокую «неасавецкую» павестку, зварот да свайго электарату, які меў настальгію па СССР.

Аналітыка
Што важнага ў новым праекце Канстытуцыі, які Лукашэнка вынесе на рэферэндум
2022.01.21 13:37

Што змяніў рэферэндум-2004

На гэтым рэферэндуме было адно пытанне, але з дзвюх частак: ці дазваляеце Лукашэнку балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін і ці прымаеце папраўку ў Канстытуцыю, якая б прыбрала абмежаванні на толькі два прэзідэнцкія тэрміны для аднаго чалавека. А без гэтага магла б быць «ракіроўка», як у Пуціна з Мядзведзевым?

«На той момант Лукашэнка быў настроены на тое, каб кіраваць яшчэ доўга, – кажа Андрэй Казакевіч. – Колькі – невядома, гарызонту ён ніколі дакладна не ставіў. Але ўсё было відавочна. У яго была дастаткова вялікая падтрымка і ў дзяржаўным апараце, і сярод насельніцтва, і з боку Масквы.

Усе альтэрнатыўныя сілы былі значна аслабленыя, выціснутыя з усіх прадстаўнічых органаў, а потым арганізацыйна разбураныя. Меў месца і ўнутраны крызіс, апазіцыйныя сілы страцілі ўплыў на прыняцце палітычных рашэнняў, таму не былі прыцягальнымі для новых актывістаў, бізнесу, папулярных людзей. Фактычна Лукашэнка застаўся адзіным цэнтрам улады, адзіным палітыкам. Для яго было лагічна працягнуць гэта ўсё на нявызначаны тэрмін».

Быць у ценю, кіраваць праз кагосьці – гэта не ў стылі Лукашэнкі, кажа палітолаг. Лукашэнка не мае неабходнага палітычнага досведу, ніколі не быў партыйным функцыянерам, не здолеў (дасюль) стварыць партыю ўлады. Не давяраў асабіста нікому, ажыццяўляў наўпроставы асабісты кантроль над усімі асноўнымі рычагамі ўлады і не бачыў механізмаў захаваць уплыў пасля дэлегавання нават часткі паўнамоцтваў.

«Быць аўтарытарным лідарам значна прасцей, чымся «шэрым кардыналам», – заўважае Казакевіч. – У гісторыі прыкладаў асабістага аўтарытарнага кіравання ў дзясяткі, сотні разоў больш, чымся выпадкаў, калі палітык сышоў з фармальных пасадаў, але захоўваў нефармальны ўплыў і кантроль».

Аналітыка
«Я не забранзавеў». Лукашэнка выступіў з трохгадзінным пасланнем. Пераказваем галоўнае
2022.01.28 16:49

АА belsat.eu

Стужка навінаў