BYPOL: беларускіх жаўнераў хочуць накіраваць у Сірыю


Ініцыятыва BYPOL, якая абʼядноўвае былых сілавікоў, паведамляе, што беларускіх жаўнераў хочуць адправіць у Сірыю для патрулявання.

Паводле BYPOL, у Заходняе i Паўночна-заходняе аператыўнае камандаванне Узброеных сілаў Беларусі прыйшла разнарадка па падбору вайскоўцаў для арганізацыі патрулявання тэрыторый у Сірыі. Як мяркуецца, першая адпраўка байцоў у колькасці 300 чалавек з кожнага камандавання, адбудзецца ў верасні 2021 года.

Крыніцы BYPOL сцвярджаюць, што афіцэры, якія дапушчаныя да гэтай інфармацыі, спрабуюць звольніцца або перавесціся ў іншыя падраздзяленні. Нібыта маёр Ігар Гіль, які павінен быў стаць камандзірам міратворчай роты, спрабуе перавесціся ў штаб, але на дадзены момант – беспаспяхова.

Кантрактнікам, што паедуць у Сірыю, абяцаюць каля $ 2000 долараў у месяц, сцвярджаюць у BYPOL. Адзначаецца, што кіраўніцтва Сілаў спецыяльных аперацыяў «праз сваіх ідэолагаў ужо пачало актыўную прапагандысцкую кампанію па вербаванню ў міратворцы жаўнераў тэрміновай службы» і «частка салдат з ССА паддаюцца вербаванню».

  • У лістападзе 2020 года міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што беларускія Узброенные сілы плануюць пашырыць свой удзел у міжнародных міратворчых місіях. «Прапрацоўваем далейшыя напрамкі для таго, каб увайсці ў адну з міратворчых місіяў», – падкрэсліў міністр.
  • Тэма з магчымым накіраваннем беларускіх жаўнераў у зону сірыйскага канфлікту паўстае не ўпершыню. Напрыклад, у пачатку 2018 года СМІ трапіла інфармацыя пра тое, што беларускіх сапёраў нібыта могуць камандзіраваць у Сірыю для размініравання аб’ектаў. Аднак дагэтуль невядома ніводнага пацверджанага факта накіравання беларускіх вайскоўцаў у зону канфлікта ў Сірыі. Між тым, некаторыя грамадзяне Беларусі ваявалі ў Сірыі ў складзе расейскай «ПВК Вагнэра».

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў