Новаабраны прэзідэнт Аргентыны афіцыйна адмовіўся ўступаць у BRICS


Прэзідэнт Аргентыны Хавіер Мілей скіраваў лісты Уладзіміру Пуціну і Сі Цзінь Піну, у якіх афіцыйна адхіліў запрашэнне да ўступу ў BRICS. Краіна мусіла далучыцца да арганізацыі з 1 студзеня 2024 года.

Прэзідэнт Аргентыны Хавіер Мілей. Крыніца: lrt.lt

Лісты з паведамленнем, што Аргентына не прымае запрашэння на ўступ у арганізацыю, таксама былі адасланыя ў адрас кіраўнікоў Бразіліі, Індыі і Паўднёвай Афрыкі, паведамляе выданне «Infobae».

У сваім пасланні Хавіер Мілей падкрэсліў, што ўрад, які ён цяпер ачольвае, «у шмат якіх аспектах адрозніваецца ад папярэдняга ўраду, і ў гэтым сэнсе некаторыя рашэнні, прынятыя папярэднім кіраўніцтвам, будуць перагледжаныя». Пытанне ўступу краіны ў BRICS  якраз адно з іх.

«У звязку з гэтым хацеў бы паведаміць, што на гэтым этапе далучэнне Аргентынскай Рэспублікі ў BRICS у якасці паўнапраўнага чальца з 1 студзеня 2024 года не ўяўляецца магчымым», – адзначаецца ў лісце.

Нагадаем, што з 24 жніўня 2023 года прэзідэнт ПАР Сірыл Рамапхоса паведаміў, што Аргентына разам з Іранам, Саудаўскай Аравіяй, Егіптам, Эфіопіяй і ААЭ запрошаная да ўступу ў BRICS у якасці паўнапраўных чальцоў. Меркавалася, што яны далучацца да арганізацыі з 1 студзеня 2024 года. Гэтае запрашэнне Аргентына атрымала яшчэ падчас кіравання папярэдняга прэзідэнта Аргентыны Альбэрта Фэрнандэса.

У лістападзе гэтага года на прэзідэнцкіх выбарах у Аргентыне перамог палітык правых поглядаў Хавіер Мілей. Ён неаднойчы заяўляў, што ягоная краіна не далучыцца да BRICS, бо не мае намераў развіваць міждзяржаўныя стасункі з Бразіліяй, Кітаем і Расеяй з прычыны нязгоды з палітыкаю гэтых дзяржаваў.

BRICS – транснацыянальнае аб’яднанне, у якое ўваходзяць Бразілія, Расея, Індыя, Кітай і ПАР.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў