Начальнік Камянецкай міліцыі паспрабаваў заспакоіць мясцовых, якія баяцца мігрантаў. Выйшла дзіўна


Раённая газета «Навіны Камянеччыны» расказала пра прыём грамадзянаў начальнікам Камянецкага РАУС у Раснянскім сельскім выканкаме.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы.
Фота: Maciej Moskwa / Getty Images

Міліцэйскі начальнік Віктар Водчыц 28 кастрычніка прымаў жыхароў Расняскага сельсавету, што ў Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці, на мяжы з Польшчай.

«Жыхары сельскага савету звярнуліся да начальніка міліцыі з пытаннямі наконт міграцыі ўцекачоў з Іраку і іншых краінаў, – піша газета. – Людзі непакояцца за сваю бяспеку, сцвярджаючы, што замежныя грамадзяне блукаюць па вёсках.

Віктар Андрэевіч запэўніў, што дзеянні мігрантаў у раёне знаходзяцца пад пільным кантролем. Яны разбіваюць намётавыя лагеры і чакаюць магчымасці прадоўжыць свой шлях у Еўропу. У адваротным выпадку будуць вернуты ў свае краіны».

Газета не згадвае, што мігранты, якія «пад пільным кантролем», спрабуюць перайсці мяжу нелегальна і што польскія памежнікі разварочваюць іх назад – часам па некалькі разоў.

Паводле ч.3 арт. 371 КК РБ, за незаконнае персячэнне мяжы Беларусі арганізаванай групай мусяць караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.

Hавiны
Мігранты на польскай мяжы распавялі, як іх абакралі беларускія сілавікі
2021.10.16 12:29

Таксама газета не згадвае пра заявы мігрантаў аб гвалце з боку беларускіх сілавікоў і фізічным прымусе ісці ў Польшчу, заявы кіраўнікоў дзяржаваў Еўразвязу аб тым, што хвалю нелегальнай міграцыі арганізуюць беларускія ўлады.

Толькі за 28 кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі 575 спробаў незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі, затрымалі сем замежнікаў-мігрантаў і 10 чалавек, якіх падазраюць у спрыянні нелегальнай міграцыі. Літоўскія памежнікі за мінулы дзень не прапусцілі 186 мігрантаў.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра беларускі канал нерэгулярнай міграцыі
2021.10.27 16:55

АА belsat.eu

Стужка навінаў