Ператрус у офісе «Белагра» і затрыманне родных добраахвотнікаў. Рэпрэсіі за 29 верасня


Больш за два гады рэжым Лукашэнкі масава працягвае тэрор супраць беларусаў. «Белсат» сабраў вядомыя выпадкі пераследу 29 верасня.

Сёння сілавікі зладзілі ператрус у офісе «Белагра» ў Менску. У офіс прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, САХР і АМАП. Ператрус адбыўся праз тое, што ў 2020 годзе яе супрацоўнікі падтрымалі пратэст, расказаў на «пакаянным відэа» затрыманы супрацоўнік кампаніі Кірыл Малянтовіч. Таксама ў «Белагра» працаваў Дзмітрый Семчанка – журналіст і былы кіраўнік «прэзідэнцкага пула», якога раней затрымаў ГУБАЗіК.

Паводле каналу «Беларускі сілавік», так выглядаюць дзверы ў офіс «Белагра».
Фота: belarusian_silovik / Telegram

Учора ў Менску супрацоўнікі КДБ затрымалі адваката Дзмітрыя Пігуля ў сябе дома. Верагодна, яму інкрымінуецца арт. 407 КК («Разгалошванне дадзеных папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння»). Вядома, што мужчына зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пігуль быў адвакатам на працэсе па справе «Буслы ляцяць», абараняў палітзняволеную Алену Маліноўскую, якая была асуджана разам з Анатолем Латушкам.

Сілавікі працягваюцца затрымліваць родных беларусаў, якія ваююць ва Украіне на ўкраінскім боку. Сёння стала вядома, што быў затрыманы бацька ваяра палку Каліноўскага Яна Мельнікава. Да мужчыны, якога завуць Віктар, сілавікі прыйшлі проста на працу. Там яго затрымалі і пазней правялі ператрус дома. За што менавіта быў затрыманы бацька вайскоўца – пакуль невядома. 21 чэрвеня затрымалі і змясцілі ў СІЗА таксама сястру Яна, палітзняволеную Вікторыю Навіцкую.

Следчы камітэт Беларусі пачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні Аляксандры Герасімені, Аляксандра Апейкіна і Дзмітрыя Салаўёва – іх будуць судзіць завочна. Імёны гэтых дзеячаў з’явіліся ў адпаведным спісе на сайце Следчага камітэту. Герасіменя і Апейкін – заснавальнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасці, які дапамагае рэпрэсаваным спартоўцаў. Дзмітрый Салаўёў – праваабаронца, праходзіць падазраваным у справе праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Hавiны
Следчы камітэт дадаў Герасіменю і Апейкіна ў спіс тых, каго будуць судзіць завочна
2022.09.29 16:50

Сёння разглядзелі справу актывіста і палітвязня Яўгена Батуры. Яго затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе – у маршы МТЗ 14 жніўня, і выставілі абвінавачанне па арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Пракурор запрасіў для Батуры два гады «хіміі».

Сілавікі затрымалі былога памочніка машыніста Вадзіма Савіча, які ў 2020 годзе падчас руху вывешваў бчб-сцяг з вакна. Акрамя таго, хлопец нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.

Сілавікі затрымалі ўладальніка бара «Білі Бонс» у Новай Баравой Паўла Клімянка. На «пакаянным відэа» ён сцвярджае, што са жніўня 2020 года быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і рабіў рэпосты з іх, а ў яго бары збіраліся «апазіцыйна настроеныя грамадзяне».

Уладзімір Гундар, якога судзяць па «справе Аўтуховіча», выйшаў з карцару праз 10 содняў і спыніў галадоўку, паведаміла жонка палітвязня Алена Гундар:

«Валодзю вось выпусцілі з карцару, 10 содняў адбыў, адгаладаў, а зараз, дзякуй Богу, з учорашняга вечара ён пачаў паціху есці і папрасіў мяне, каб я прывезла яму сала і вострага перцу, апроч салодкага, масла».

У судзе разглядзелі справу жонкі пастара царквы «Новы запавет» Лідзіі Івановай, якая знаходзілася пад вартай амаль тры месяцы. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе (паводле арт. 342 КК). Суддзя Міхаіл Макарэвіч прысудзіў ёй два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Яе вызвалілі ў зале суда.

Аналітыка
Чаму завісла лукашэнкаўская амністыя і ці варта яе чакаць?
2022.09.29 13:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў