Справу «Рабочага руху», у якой праходзяць 10 чалавек, накіравалі ў Гомельскі абласны суд


Пракуратура Гомельскай вобласці 29 жніўня накіравала справу «Рабочага руху» ў Гомельскі абласны суд. Тыдзень таму ў КДБ заявілі аб завяршэнні расследавання ў справе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працоўныя ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: Belsat.eu

У справе «Рабочага руху» праходзяць 10 чалавек – былыя працаўнікі гарадзенскага «Азоту», «Нафтану», БМЗ і БЧ:

  • Сяргей Шэлест, былы апаратнік цэху «Аміяк-3» ААТ «Горадня Азот»;
  • Андрэй Пагерыла, былы слесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3» ААТ «Горадня Азот»;
  • Уладзімір Жураўка, былы аператар ДПУ цэху «Аміяк-3» ААТ «Горадня Азот»;
  • Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (уваходзіў у склад ААТ «Горадня Азот»), намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Азоту»;
  • Аляксандр Гашнікаў, працаўнік БМЗ;
  • Сяргей Дзюба, Беларуская чыгунка;
  • Ганна Аблаб, Беларуская чыгунка;
  • Аляксандр Капшуль, былы юрысконсульт ААТ «Нафтан», заводу «Палімір»;
  • Ігар Мінц, працаўнік «Нафтану»;
  • Сяргей Шамецька.

Яны абвінавачваюцца ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-1 КК) і ў здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Нібыта яны хацелі зладзіць дыверсіі на прадпрыемствах, а таксама перадавалі службовую інфармацыю замежнаму прадстаўніку. Аляксандра Капшулю таксама абвінавачваюць у незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 КК), а Шэлеста, Жураўку і Пагерылу таксама ў паклёпе (арт. 188 КК). Пагражае затрыманым да 15 гадоў зняволення.

«Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі гэтай супольнасці, акрамя ўчынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць для збору і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні беларускіх суб’ектаў гаспадарання аб спосабах абыходу мер абмежавальнага характару (санкцыяў), а таксама механізмах супрацьдзеяння такім спосабам», – заявілі ў пракуратуры.

Затрыманні ў справе «Рабочага руху» прайшлі ў верасні 2021 года. За некалькі дзён да гэтага КДБ прызнаў аб’яднанне «Рабочы рух» «экстрэмісцкім фармаваннем». Пазней з некалькіх фігурантаў знялі абвінавачанні.

Артыкулы
«Ворагі бачацца з усіх бакоў». За што ўлады абрынуліся на рабочых і як «не змарнаваць магчымасці»
2021.09.27 20:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў