Літва завяршыла будаўніцтва плоту з калючым дротам на мяжы з Беларуссю


У нядзелю 28 жніўня Літва скончыла будаўніцтва фізічнага бар’еру на мяжы з Беларуссю. Гэта плот з калючым дротам, які цягнецца ўздоўж літоўска-беларускай мяжы на 502 кіламетры, паведамляе BNS.

«У гэтыя выходныя каманда падрадчыкаў усталявала апошнія запланаваныя сегменты агароджы на мяжы з Беларуссю», – паведаміў менеджар у камунікацыях кампаніі EPSO-G, якая займалася будаўніцтвам, Антанас Бубнеліс.

Працягласць агароджы на мяжы складае 502 кіламетры. Агульная працягласць мяжы Літвы з Беларуссю – 679 км, больш за 100 км мяжы праходзіць па берагах рэк і азёраў.

Пабудаваць агароджу на мяжы літоўцы вырашылі падчас міграцыйнага крызісу 2021 года, калі рэзка павялічыўся наплыў мігрантаў з Беларусі. Літва абвінаваціла беларускі рэжым у арганізацыі крызісу і назвала гэта гібрыднай атакай. Летась з Беларусі ў Літву прыбылі нелегальна амаль 4,2 тысячы мігрантаў. Са жніўня 2021 года на літоўскай мяжы развярнулі больш за 13 тысяч мігрантаў, але многія з іх спрабавалі трапіць у Літву паўторна.

Апошнім часам колькасць мігрантаў з Беларусі зноў павялічваецца. У суботу 27 жніўня з тэрыторыі Беларусі літоўскую мяжу спрабавалі незаконна перайсці 125 чалавек.

Рэпартаж
«Барада да каленяў вырасце, пакуль дачакаешся». Чаму растуць чэргі на беларуска-польскай мяжы
2022.08.27 16:58

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў