Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 29 жніўня


«Белсат» распавядае пра новыя затрыманні, суды і рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, пра якія стала вядома 29 жніўня.

У Менску пачалі судзіць прэс-сакратара «А1» Мікалая Брэдзелева. Яму прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 424 КК («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») і арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»). Пасля затрымання сілавікі з ГУБАЗіКу сцвярджалі, што Мікалай нібыта зліваў закрытую інфармацыю незалежным тэлеграм-каналам.

Пракуратура Гомельскай вобласці накіравала справу «Рабочага руху» ў Гомельскі абласны суд. У справе «Рабочага руху» праходзяць 10 чалавек – былыя працаўнікі гарадзенскага «Азоту», «Нафтану», БМЗ і БЧ. Гэта Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімір Жураўка, Валянцін Цераневіч, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ганна Аблаб, Аляксандр Капшуль, Ігар Мінц і Сяргей Шамецька. Яны ўсе абвінавачваюцца ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-1 КК) і ў здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК), а некаторыя абвінавачаныя і па іншых артыкулах.

«Вясноўцы» і анархісты, у судзе над якімі 29 жніўня скончыліся слуханні. Калаж з фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Менскім гарадскім судзе скончыліся слуханні па справе над адразу дзесяццю палітзняволенымі: каардынатаркай Валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранецам, Андрэем Марачом, Данілам Чулем.

«Усё, што апошнія гады адбываецца ў нас у краіне ў галіне права, можна ахарактарызаваць двума ёмістымі словамі – прававы дэфолт. Ён адбыўся не на роўным месцы. Гэтая дзяржаўная сістэма ўсе гады свайго існавання падрыхтоўвала глебу, каб сілавыя структуры і чынавенскі апарат былі гатовыя безумоўна выконваць любыя каманды зверху», – апошняе слова палітзняволенага Аляксандра Казлянкі.

Сілавікі затрымалі жыхара Менску Багдана Вераса за тое, што ён раней купіў у адной з менскіх крамаў кнігу з успамінамі нямецкага салдату «Крывава-чырвоны снег. Запіскі кулямётчыка Вермахта» Ганса Кіншэрмана, за што і быў затрыманы. Што менавіта прад’яўлена маладзёну – не вядома. У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў гэтай кнігі няма.

У Беларусі вынеслі яшчэ два прысуды ў «справе Зельцара». 30-гадовага берасцейца Сцяпана Талкачова прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы») і прыгаварылі да 2,5 гадоў калоніі. Па той жа справе ў Асіповічах суд прыгаварыў мясцовага жыхара Мікалая Галаўкова да трох гадоў пазбаўлення волі за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК) і дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (арт. 369 КК).

Суд Жлобінскага раёну вынес прысуд 21-гадовага мясцоваму жыхару Сяргею Ганічаву, абвінаваціўшы яго па ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Нібыта ён удзельнічаў у пратэстах 9 жніўня 2020 года ў Жлобіне. Яго пазбавілі волі тэрмінам на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Hавiны
Палітвязень з Віцебску Андрэй Цімафеенка выйшаў на свабоду
2022.08.29 14:55

У Магілёве за ўдзел у пратэстах затрымалі двух супрацоўнікаў РУП «Фармацыя» – 36-гадовага Дзяніса Навалаева і 42-гадовага Андрэя Віталёва. На «пакаяльным відэа» яны кажуць, што ў 2020 годзе ездзілі некалькі разоў у Менск на акцыі пратэсту.

Палітвязня Уладзіміра Сушко перавялі з «хіміі» ў магілёўскую калонію. Уладзіміра асудзілі на два гады «хіміі» за каментар пра міліцыянта ў тэлеграм-канале. Мужчыну прызналі вінаватым па арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Палітзняволены Максім Знак, які асуджаны да 10 гадоў калоніі, распавёў пра свой заробак у калоніі:

«Пра заробкі свае я не пісаў, бо баяўся, што не паверыш, палічыш, што маню. Але ўсё па-сапраўднаму, што яшчэ раз сведчыць аб тым, што адданая праца прыводзіць да выдатных вынікаў. Уяві толькі, мой заробак падняўся амаль у 18 разоў. Гэта не жартачкі, а сапраўдны цуд! Апошнія тры месяцы я зарабляў крыху больш за 3 рублі на месяц! Спадзяюся, вы мной будзеце ганарыцца. Але як працуе тут сістэма я дагэтуль не разумею. Можа хутка зноў будзе 17 капеек – так склалася».

Палітзняволенага Юрыя Басалая, які ўжо некалькі месяцаў адбывае тэрмін па справе, ізноў асудзілі за каментар. Яго паўторна абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). У траўні Юрыя асудзілі да 2,5 гадоў калоніі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў