«Страты супермаштабныя». Эканаміст ацаніў, колькі Беларусь губляе грошай ад рэпрэсіяў


Старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Дзмітрый Крук ацаніў страты, якія нясе беларуская эканоміка ад наяўнасці ў краіне палітвязняў. Гаворка пра мільярды долараў, піша Zerkalo.

Экономист Дмитрий Крук, Исследовательский центр BEROC
Дзмітрый Крук, эканаміст і старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC). Кіеў, Украіна. 16 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Дзмітрый Крук адзначыў, што ў пытанні наяўнасці палітвязняў перадусім «трэба глядзець не на эканамічныя страты – гэта перш за ўсё пытанне справядлівасці». Тым не менш, паводле яго, падлічыць такія страты рэальна.

Крук адзначыў, што ўтрыманне аднаго палітвязня «з улікам харчавання, утрымання турмаў, аплату вертухаяў і іншае» ў месяц трэба сама мала 200 долараў. У залежнасці ад колькасці зняволеных з палітычных матываў сумарна на іх утрыманне можа ісці ад 3,6 да 12 млн долараў штогод.

Але гэта не адзіныя страты. Эканаміст ацаніў і грошы, якія б палітвязні маглі б прынесці эканоміцы, «калі б былі на волі і займаліся сваёй справай». Гэта прынамсі 800 долараў за месяц дададзенай вартасці, або ад 14,4 да 48 млн долараў за год. У тым ліку не менш як 1,9 млн долараў падаткаў.

«У рэальнасці гэтая лічба будзе істотна больш, з улікам таго, што там (зняволенні. – рэд. Belsat.eu) па сутнасці знаходзіцца колер нацыі», – кажа эканаміст.

Больш за тое, праз палітвязняў на Беларусь «сталі глядзець як на ізгоя», што ставіць крыж на інвестыцыйнай актыўнасці, як на замежнай, гэтак і на ўнутранай. Сюды дадаюцца масавая эміграцыя людзей, якія не хочуць апынуцца ў вязніцах, і ўплыў на спажывецкія і ашчадныя паводзіны беларусаў, калі людзі не могуць планаваць будучыню. Гэтыя супольныя страты эксперт ацаніў мінімум у 2,1 млрд долараў, або каля 3% ВУП.

З улікам жа санкцыяў, уведзеных за рэпрэсіі і саўдзел у вайне, страты могуць складаць яшчэ больш – ад 10% да 20% ВУП.

«Беларускі ВУП летась упаў на 4,7%. Гэта, з аднаго боку, панесеныя страты, а з другога – моцны кампенсуючы эфект, перш за ўсё звязаны з Расеяй. Але страты ад вайны і санкцыяў істотна вышэйшыя за леташняе падзенне ВУП, якое адбылося. У грашовым эквіваленце гэта ад 7 да 14 млрд долараў», – заявіў Крук.

Агулам, на яго думку, страты Беларусі ад рэпрэсіяў «няўяўныя, супермаштабныя». Пры гэтым эканаміст дадаў, што шмат якія з гэтых стратаў будуць інерцыйнымі: «нават калі заўтра Беларусь становіцца дэмакратычнай і ўсе палітвязні выходзяць, усё роўна многія з гэтых стратаў будуць назапашвацца».

Hавiны
Нацбанк пералічыў прычыны нізкай інвестыцыйнай актыўнасці ў Беларусі
2023.07.28 20:06

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў