Не выпадковасць? Лукашэнка змяніў начальніка вайсковай выведкі


Аляксандр Лукашэнка 28 ліпеня правёў кадравыя змяненні ў вайсковай сферы. У прыватнасці, быў зменены начальнік вайсковай выведкі. Адпаведныя ўказы апублікаваныя на pravo.by.

Уладзімір Купрыянюк.
Фота: vayar.mil.byвы

Генерал-маёр Руслан Касыгін, які ўзначальваў Галоўнае разведвальнае ўпраўленне і з’яўляўся намеснікам начальніка Генеральнага штабу Збройных сілаў, звольнены ў запас з прычыны ўзросту з правам нашэння вайсковай формы і знакаў адрознення. Замест яго на гэтую пасаду прызначаны генерал-маёр Уладзімір Купрыянюк, які да гэтага моманту быў начальнікам штабу – першым намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання ЗС. На ягонае месца прызначаны палкоўнік Аляксандр Лаўрэнаў.

Як адзначае гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, калі Касыгін нарадзіўся ў Ялце, вучыўся ў Чэлябінску, а ў Беларусь прыбыў у канцы 1980-х, то Купрыянюк нарадзіўся на Берасцейшчыне. І хоць яны абодва ўнесеныя ў санкцыйныя спісы, Купрыянюк не заўважаны ў публічнай сімпатыі да «расейскага свету».

«Перастаноўкі ў кіраўніцтве ГРУ наўрад ці можна лічыць выпадковасцю. У цяперашняй напружанай сітуацыі Лукашэнка вырашыў падстрахавацца і змяніць «варага» на «мясцовага»», – мяркуе Фрыдман.

Таксама кадравыя змены адбыліся і ў кіраўніцтве галоўнай вайсковай інспекцыі ВС. Яе начальнікам прызначаны генерал-маёр Андрэй Гарбаценка, які да гэтага часу кіраваў Менскай сувораўскай вайсковай вучэльняй. Генерал-маёр Іван Багуслаўскі, які раней займаў пасаду начальніка інспекцыі, звольнены ў запас паводле веку. Кіраваць сувораўскай вучэльняй прызначаны палкоўнік Дзмітрый Кучук.

Hавiны
Лукашэнка прызначыў новых міністраў транспарту і ЖКГ. Іх месцы пуставалі доўгі час
2023.07.28 15:07

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў