Больш за 80% украінцаў падтрымліваюць уступленне Украіны ў Еўразвяз, супраць – 4%


Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі (КМІС) правёў апытанне сярод грамадзян Украіны аб іх стаўленні да ўступлення краіны ў Еўразвяз і NATO.

Так, у выпадку правядзення рэферэндуму па ўступленні ў ЕЗ 81 працэнт сярод усіх рэспандэнтаў прагаласавалі б «за» уступленне. «Супраць» уступлення ў ЕЗ – 4%. Астатнія 15% не бралі б удзелу ў галасаванні ці не вызначыліся.

У выпадку ўступлення ў NATO пераважная большасць украінцаў прагаласавалі б «за» – 71% сярод усіх рэспандэнтаў, «супраць» прагаласавалі б 7%. 22% апытаных украінцаў не прымалі б удзел у галасаванні або не маюць пэўнай пазіцыі ў дадзеным пытанні.

Скрыншот: kiis.com.ua

У параўнанні з чэрвенем 2021 года з 52% да 81% вырасла доля тых, хто падтрымлівае ўступленне ў ЕЗ. Таксама за гэты перыяд з 48% да 71% вырас працэнт тых, хто падтрымлівае ўступленне ў NATO. Акрамя гэтага знізілася доля тых, хто выступае супраць сяброўства Украіны ў гэтых арганізацыях, у выпадку ЕЗ – з 19% да 4%, а ў выпадку NATO – з 24% да 7%.

Скрыншот: kiis.com.ua

У перыяд да 2013 года ўступленне Украіны ў ЕЗ падтрымлівалі фактычна толькі жыхары захаду краіны. У цэнтры падтрымка ўступлення ў ЕЗ хаця і пераважала, але гэта не была большасць насельніцтва. На поўдні і ўсходзе пераважалі тыя, хто выступаў супраць членства Украіны ў ЕЗ і толькі чвэрць галасавалі б «за» уступленне ў Еўразвяз на рэферэндуме.

На ліпень 2022 года пераважная большасць жыхароў і захаду, і цэнтру, і поўдня, і ўсходу падтрымліваюць уступленне Украіны ў ЕЗ. Падобныя становішча змен прасочваецца і ў адносінах да ўступлення ў NATO.

Некалькі дзён таму таксама была апублікаваная справаздача аб апытанні ўкраінцаў, ці згодны яны аддаць РФ частку тэрыторыі дзеля міру. Ва ўсіх рэгіёнах Украіны абсалютная большасць насельніцтва супраць любых тэрытарыяльных саступак, прычым паказчык практычна не мяняецца ад рэгіёну. Толькі 10% выступаюць за тэрытарыяльныя саступкі, 84% лічаць, што ніякіх тэрытарыяльных саступак не павінна быць. Прычым колькасць тых, хто супраць саступак, вырасла з пачатку траўня.

Hавiны
На Данбасе абстралялі турму. ЗСУ заяўляе аб спробе Расеі схаваць расстрэлы ўкраінскіх палонных
2022.07.29 14:33

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў