Беларусаў на ўездзе ў Латвію пытаюцца, ці падтрымліваюць яны вайну. Некаторых не прапусцілі, а візы анулявалі


Іншаземцы, якія ўязджаюць у Латвію з Расеі або Беларусі, падвяргаюцца ўзмоцненым праверкам на пунктах пагранічнага кантролю, паведамляе латвійскі партал. Такую інфармацыю пацвердзілі ў Службе дзяржаўнай бяспекі Латвіі.

Людзей, якія перасякаюць мяжу, заводзяць унутр памяшканні, дзе просяць падпісаць дакумент, які асуджае ваенныя дзеянні. Тэкст на расейскай і ангельскай мовах ужо прапісаны і гатовы, застаецца толькі пазначыць імя, прозвішча і пашпартныя даныя.

Фота: NURPHOTO

«Мэтай праверак з’яўляецца выяўленне асоб, якія падтрымліваюць ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны і могуць прадстаўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы Латвіі. Падчас праверак асаблівая ўвага надаецца іншаземцам, якія, напрыклад, калісьці служылі ў сілавых структурах Расеі або Беларусі, публічна дэманструюць сімвалы, якія ўслаўляюць расейскую агрэсію, або выказваюць негатыўнае стаўленне да латвійскай дзяржавы. Вялікая колькасць замежнікаў, якім было адмоўлена ва ўездзе ў Латвію, адкрыта выказалі сваю падтрымку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і яе народу, выкарыстоўваючы тыповыя крамлёўскія ваенныя прапагандысцкія меседжы», – гаворыцца ў паведамленні спецслужбы.

Такім чынам на памежных пераходах у Латвію было адмоўлена 62 замежнікам. У тым ліку 41 грамадзяніну Расеі, 14 грамадзянам Беларусі, а таксама 7 грамадзянам іншых краін, якія, на думку Службы бяспекі, могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы Латвіі.

Для асоб, у якіх была дзейная віза для паездак у Шэнгенскую зону, яе анулявалі.

Міністэрства замежных спраў Латвіі ўжо атрымала заяву расейскіх уладаў адносна такога стаўлення памежнікаў да расейскіх грамадзян, якія жадаюць уехаць у Латвію. Аднак міністр замежных спраў Эдгар Рынкевіч растлумачыў, што Латвія дзейнічае па сваіх законах.

«Пратэставаць супраць таго, што мы робім ці не робім на нашай нацыянальнай тэрыторыі, абараняючы нашую бяспеку і зніжаючы рызыкі, бессэнсоўна. Мы будзем працягваць дзейнічаць у інтарэсах нашай бяспекі. У той жа час хачу дадаць, што нам таксама вядомыя выпадкі, калі на грамадзян Латвіі, якія выязджаюць у Расею або Беларусь, аказваўся ўплыў, іх спрабавалі завербаваць», – сказаў Рынкевіч.

Міністр замежных спраў заклікаў грамадзян Латвіі не ездзіць у Расею і Беларусь, бо зараз не лепшы час для турызму. Аднак паток людзей з Латвіі ў Беларусь, якая ўвяла бязвізавы рэжым, павялічыўся ў 10 разоў. А каля 55% тых, хто едзе ў Беларусь, – грамадзяне Латвіі.

Hавiны
Больш за 80% украінцаў падтрымліваюць уступленне Украіны ў Еўразвяз, супраць – 4%
2022.07.29 17:28

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў