На першым паседжанні суда па справе аб «спробе дзяржаўнага перавароту» Аляксандр Фядута прызнаў віну ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, паведамляе БелТА.
«Віну ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам я прызнаю», – перадае БелТА словы Аляксандра Фядуты.
Паседжанне праходзіць у Менскім абласным судзе. Спачатку суд зрабілі закрытым, але на пачатку паседжання абвесцілі, што ён будзе адкрытым.
Акрамя публіцыста Аляксандра Фядуты, у змове абвінавачваюць кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, юрыста Юрыя Зянковіча і супрацоўніцу ягонага офісу Вольгу Галубовіч, а таксама актывіста Дзяніса Краўчука. Першым тром асобам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка.
Абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года: Аляксандра Фядуту ўзялі пад варту ў Маскве разам з юрыстам Юрыем Зянковічам. Адначасова ў Шклове быў затрыманы лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Усе яны трапілі ў менскае СІЗА КДБ.
Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка выступіў з заявай, што амерыканскія спецслужбы рыхтавалі ў Беларусі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
Алена Рувіна belsat.eu