Папярэднікі Ціханоўскай у Белым доме: калі і як прэзідэнты ЗША кантактавалі з лідарамі вызвольных рухаў


На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у Белым доме, засведчыўшы, што выбар большасці беларусаў – нацыянальная незалежнасць, аднаўленне дэмакратыі і законнасці.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з Джо Байдэнам у Белым доме 28 ліпеня.
Фота: POTUS / Twitter

ЗША ўжо больш за 200 гадоў – уплывовая дзяржава, якая пры гэтым дэкларуе падтрыманне дэмакратычных каштоўнасцяў. Таму шмат якія палітыкі за гэтыя стагоддзі звярталіся да Амерыкі ў пошуку моцнага хаўрусніка. Гэта не першы раз, калі прэзідэнты ЗША асабіста кантактуюць з лідарамі нацыянальна-вызвольных, антытаталітарных ці антыдыктатарскіх рухаў.

Хто быў папярэднікам Святланы Ціханоўскім сярод гэтых людзей?

Брыгадны генерал ЗША, абаронца незалежнасці Рэчы Паспалітай

Наш зямляк Тадэвуш Касцюшка ўжо ў пачатку Вайны за незалежнасць ЗША выправіўся ў Амерыку як добраахвотнік, дзе служыў інжынерам і атрымаў славу прафесіянала ў сваёй справе, даслужыўшыся да рангу брыгаднага генерала.

Помнік Тадэвушу Касцюшцы. Мірачоўшчына, Беларусь. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Потым ён зацята змагаўся за канстытуцыйны лад у Рэчы Паспалітай і яе незалежнасць пасля падзелу паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. За сваё жыццё Касцюшка неаднаразова сустракаўся і ліставаўся з будучым першым прэзідэнтам ЗША Джорджам Ўошынгтанам, прэзідэнтам ЗША Томасам Джэфэрсанам і шмат якімі іншымі амерыканскімі палітыкамі.

У наступныя дзесяцігоддзі памяць пра Касцюшку і прысутнасць у ЗША першай невялікай польска-беларуска-літоўскай дыяспары забяспечвалі амерыканскія сімпатыі нацыянальна-вызвольным паўстанням 1830 і 1863 гадоў.

Вайна за рэспубліку ў Мексіцы

Дачыненні паміж Мексікай і ЗША былі і застаюцца складанымі, аднак у 1861–1867 гадах ЗША падтрымалі змаганне мексіканскіх рэспубліканцаў супраць спробаў усталяваць у краіне манархію пры спрыянні французскіх войскаў.

Аблога гораду Пуэбла французскімі войскамі ў 1863 годзе. Мастак – Жан-Адольф Бос

Тагачасны прэзідэнт Мексікі Бэніта Хуарэс быў вымушаны хавацца на тэрыторыях па-за кантролем войскаў Францыі і прыхільнікаў імператара Мексікі Максімільяна. Ён не сустракаўся з прэзідэнтамі ЗША, аднак перапісваўся з Абрагамам Лінкальнам. У той жа час ягоная жонка з дзецьмі была ў Нью-Ёрку і асабіста сустракалася з прэзідэнтам як першая лэдзі Мексікі.

ЗША не прызналі мексіканскай манархіі, дапамагалі паўстанцам зброяй, а потым патрабавалі, каб войскі Францыі пакінулі тэрыторыю Мексікі. У выніку зацятай партызанскай вайны, перамог войскаў рэспубліканцаў і амерыканскаму дыпламатычнаму падтрыманню ў Мексіцы аднавілася рэспубліка.

Сустрэчы за часоў халоднай вайны і пасля

Падчас супрацьстаяння паміж СССР і ЗША амерыканскія прэзідэнты неаднаразова сустракаліся з дысідэнтамі ці прадстаўнікамі незалежніцкіх дэмакратычных рухаў у эміграцыі, якія паходзілі з краінаў пад уладай камуністаў.

Гэтак, у 1972 годзе ў Каляды прадстаўнік беларускай эміграцыі Вітаўт Кіпель сустрэўся з прэзідэнтам Рычардам Ніксанам і абмеркаваў з ім беларускае нацыянальнае пытанне, заклікаючы яго наведаць Беларусь падчас візіту ў СССР. У 1974 годзе Ніксан стаў першым прэзідэнтам ЗША, які пабываў у Беларусі. Таксама беларуска Вера Рамук, сябра Рады БНР, сустракалася з Роналдам Рэйганам у 1980-я гады.

Вера Рамук у беларускім народным строі разам з прэзідэнтам Рэйганам. Крыніца http://www.radabnr.org/

Ужо пасля халоднай вайны, у канцы 1988 года, у Вашынгтоне адбылася сустрэча вядомага савецкага дысідэнта і праваабаронцы, акадэміка Андрэя Сахарава з прэзідэнтам Рэйганам.

Доўгае змаганне за дэмакратыю ў Беларусі

У 2007 годзе з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам сустрэлася дэлегацыя беларускай нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі: былы кандыдат на прэзідэнцтва Аляксандр Мілінкевіч, Павел Севярынец, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Зміцер Хведарук, Эніра Браніцкая.

Прэзідэнт Буш і прадстаўнікі беларускай апазіцыі ў Белым доме.
Фота: Eric Draper

Прадстаўнікі Беларусі прапаноўвалі падтрымаць незалежныя СМІ і дапамагчы студэнтам, якіх выганяюць з ВНУ. Яны адзначылі, што ніякія рэферэндумы аб аб’яднанні з іншымі дзяржавамі не могуць быць прызнаныя, калі адбываюцца ў недэмакратычных умовах.

Супраць дыктатуры, якая давяла да жабрацтва

Увесну 2020 года прэзідэнт ЗША Доналд Трамп сустрэўся з Хуанам Гуаідо – выканальнікам абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы. Рэч у тым, што ў 2018 годзе венесуэльскі парламент прызнаў прэзідэнцкія выбары ў краіне незаконнымі і не прызнаў інаўгурацыі экс-прэзідэнта Нікаляса Мадура, які спрабаваў абрацца на новы тэрмін.

Масавыя пратэсты супраць рэжыму Мадура ў Венесуэле.
Фота: Voice of America

У сувязі з тым, што Гуаідо быў спікерам парламенту, ён, згодна з Канстытуцыяй, юрыдычна рабіўся выканальнікам абавязкаў прэзідэнта. Гуаідо прызналі законным прэзідэнтам Венесуэлы больш за 60 краінаў.

Багатая нафтаю Венесуэла праз сацыялістычную палітыку, а таксама карумпаванасць групоўкі спачатку Уга Чавэса, а потым ягонага паслядоўніка Мадура ўжо шмат часу застаецца ў стане перманентнага эканамічнага заняпаду, з яе за некалькі гадоў уцяклі мільёны чалавек. Трываюць спробы зарганізаваць перамовы, каб краіна магла выйсці з палітычнага крызісу.

Hавiны
Святлана Ціханоўская распавяла пра сустрэчу з Джо Байдэнам
2021.07.28 21:03

РЛ для belsat.eu

Стужка навінаў