Менчука асудзілі на чатыры гады калоніі за данаты ў «By_help» і «Bysol»


У Менску вынеслі прысуд Кірылу Клімава, якога абвінавацілі ў фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання. Па факту – гэта былі данаты ў «By_help» і «Bysol». Аб гэтым паведамляе «Вясна».

Кірыл Клімаў. Фота, «Вясна / Правы чалавека» / Telegram

29 чэрвеня стала вядома пра прысуд для менчука Кірыла Клімава. 26 чэрвеня суддзя Любоў Сімахіна прызначыла яму пакаранне – чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Клімава прызналі вінаватым паводле арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»).

Кірыла Клімава затрымалі 23 лютага 2023 года раніцай па шляху на працу, пасля чаго ўдома правялі ператрус. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак, пасля чаго не выпусцілі.

Клімава абвінавацілі ў тым, што з чэрвеня 2020 па травень 2021 года праз плацежную сістэму «Facebook fundraising» ён ахвяраваў грошы ў ініцыятывы «By_help», «BYSOL» і «Сумленныя людзі». На пасяджэнні падсуднаму паставілі ў віну шэсць данатаў па дзесяць долараў кожны. Кірыл не прызнаў віну. Ён не адмаўляў пераліку сродкаў, але патлумачыў, што ахвяраваў на дапамогу рэпрэсаваным.

Кірылу Клімаву 38 гадоў. Ён шмат гадоў працаваў у Акадэміі навук, затым у прыватных фірмах.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў