Такаеў ацаніў жарт Лукашэнкі пра ядравую зброю і ўступленне ў саюз Беларусі і Расеі


Прэс-служба прэзідэнта Казахстанe працытавала Касым-Жамарта Такаева, сказаныя ў адказ на развагі Аляксандра Лукашэнкі пра ўступленне Казахстану ды іншых краінаў у саюз Беларусі і Расеі: «Я ацаніў ягоны жарт».

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў выступае на Еўразійскім эканамічным форуме. Масква, Расея. 24 траўня 2023 году.
Фота: akorda.kz

У інтэрв’ю аднаму з расейскіх каналаў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ніхто не супраць, каб у Казахстану ды іншых краінаў былі такія ж цесныя стасункі, як у нас [Беларусі] з Расейскаю Федэрацыяй». Гэта, паводле яго, зрабіць вельмі проста: «У саюз Беларусі і Расеі трэба ўступаць, і будзе ядравая зброя на ўсіх».

На гэтыя словы Касым-Жамарт Такаеў адказаў ва ўласцівай яму тонкай манеры: «Я ацаніў ягоны [Аляксандра Лукашэнкі] жарт. Я думаю, што неабходнасці ў гэтым няма, бо існуюць і іншыя інтэграцыйныя аб’яднанні, найперш Еўразійскі эканамічны саюз».

Выказаўся прэзідэнт Казахстану і пра ядравую зброю: «Яна нам не патрэбная, бо мы далучыліся да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі і Дамовы аб забароне выпрабаванняў ядравай зброі. Мы застаемся вернымі абавязальніцтвам у межах гэтых міжнародных дакументаў».

Нагадаем, што падчас выступлення на Еўразійскім эканамічным форуме прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў звярнуў увагу на складаную канфігурацыю еўразійскай інтэграцыі і назваў наяўнасць саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі праблемаю, з якою трэба нешта рабіць. Ён адзначыў, што Беларусь і Расея маюць адзіную палітычную, юрыдычную, вайсковую, эканамічную, валютную, культурніцкую і гуманітарную прастору, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам, «і нават ядравую зброю маюць адну на дваіх цяпер».

Hавiны
Такаеў пра Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеіі: Трэба нешта рабіць з гэтай праблемай
2023.05.24 20:40

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў