Польшча не Расея, не прыйдзе «вызваляць» Беларусь

Наіўна разлічваць на тое, што свабоду Беларусі прынясе пераможная Украіна ці NATO. Змагацца беларусам давядзецца самастойна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Volha Shukaila / Zuma Press / Forum

Нядаўна адстаўны польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак (Waldemar Skrzypczak) так моцна напалохаў усходніх дыктатараў, што ягоныя выказванні каментаваў Крэмль і асабіста Лукашэнка. Натуральна, што беларускія і расейскія прапагандысты, якія гадамі жывуць у штучна створаным уласным свеце, не могуць разумець таго, як працуе свабода слова. Адстаўным генералам у Польшчы ніхто не забараняе гаварыць, а нават крытыкаваць дзейных генералаў і кіраўнікоў краіны. Можаце сабе такое ўявіць у Менску ці Маскве? Вось таму яны кожнае слова польскіх былых палітыкаў ці вайскоўцаў выдаюць за пазіцыю «афіцыйнай Варшавы». Бо ў іхным свеце ўсе маўчаць, а гаварыць можа толькі дзяржава, у прыватнасці два дыктатары. Тут зусім інакш.

Генерал Скшыпчак быў намеснікам міністра абароны Польшчы ў 2012–2013 гадах пры ўрадзе Грамадзянскай платформы (PO) і Польская аграрная партыя (PSL). Ён вядомы эксперт, часта выказваецца ў медыях, але ніякім чынам не рэпрэзентуе пазіцыі польскага Міністэрства абароны.

І нічога надзвычайнага польскі генерал не сказаў. Маўляў, калі ўкраінскі контрнаступ будзе паспяховы, то беларусы, якія сёння змагаюцца за Украіну, адправяцца ў Беларусь, што, магчыма, прывядзе да паўстання. Польшчы трэба рыхтавацца да таго, каб падтрымліваць гэтыя дзеянні. Усё лагічна, бо ў варунках вайны за ўсходняю мяжою Варшаве трэба браць пад увагу ўсе сцэнары развіцця падзеяў. Аднак генерал кажа пра «падтрыманне», а не ўваход польскага войска ў Беларусь. Па-першае, Польшча – краіна NATO. І Паўночнаатлантычная дамова ў сваім першым артыкуле выразна кажа пра тое, што краіны-чальцы не толькі не павінны ўжываць сілы супраць іншых краінаў, але і ўстрымлівацца ад пагрозаў ужывання сілы. Абсмактаны ў СМІ «5-ы артыкул» кажа пра збройнае падтрыманне іншых краінаў толькі ў выпадку, калі краіну NATO атакуюць звонку. А не наадварот. Таму ўсе рашэнні пра пастаўкі цяжкога ўзбраення Украіне абмяркоўваюцца за шырокім сталом.

Варыянт, пра які кажа генерал (уваход беларускіх добраахвотнікаў, паўстанне), вельмі тэарэтычны. Быў бы магчымым толькі тады, калі б украінцам удалося вызваліць Крым і ў Крамлі адбыўся пераварот. Такія падзеі адчынялі б гістарычнае акно магчымасцяў беларусам, каб змяніць сітуацыю ў краіне. І тут усё залежала б ад колькасці добраахвотнікаў, лаяльнасці беларускіх афіцэраў да рэжыму, а ў першую чаргу ад настрояў беларускага грамадства.

Калі б у беларускіх гарадах не адбылося масавых пратэстаў і сітуацыя заставалася б цалкам пад кантролем рэжыму, міжнародная супольнасць не толькі не падтрымае, але і асудзіць нейкія збройныя дзеянні ці ўваход беларускіх добраахвотнікаў з тэрыторыі Украіны. Дэстабілізацыя сітуацыі і новая вайна, але ўжо 50 кіламетраў на ўсход ад Беластоку, не патрэбная і Польшчы.

Сумняюся, што Кіеў пайшоў бы на такую нічым не абгрунтаваную (без масавых пратэстаў ці бунту элітаў у Менску) авантуру. Больш за тое, калі б упаў рэжым Пуціна, Лукашэнка і без збройных дзеянняў аўтаматычна трапляе ў кішэнь украінцаў. Зробіць усё, што папросіць Кіеў. У той вызначальны момант ад слова ўкраінцаў на міжнароднай арэне будзе залежыць у пэўным сэнсе і лёс Беларусі.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў