Папраўкі ў Закон РФ аб ваенным становішчы: на акупаваных тэрыторыях можна ладзіць выбары і дэпартацыі


Паводле зменаў, унесеных у расейскі Закон аб ваенным становішчы, на акупаваных тэрыторыях можна будзе праводзіць выбары, а таксама дэпартацыі.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Запарожжа прыехалі «на аздараўленне» ў Беларусь. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

Абноўлены закон ужо падпісаў прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Дакумент у прыватнасці прадугледжвае магчымасць «прымусова і кантралявана перамяшчаць грамадзянаў з тэрыторыі, дзе ўведзенае ваеннае становішча, на тэрыторыі, на якіх ваеннае становішча не ўведзенае».

Акрамя таго, на тэрыторыях з ваенным становішчам магчымым стане правядзенне выбараў. Гэта можна будзе зрабіць пасля кансультацыяў ЦВК Расеі з Міністэрствам абароны і Федэральнаю службаю бяспекі. Выбары можна будзе праводзіць як на ўсёй тэрыторыі з абвешчаным ваенным становішчам, гэтак і на яе частцы.

Нагадаем, што Уладзімір Пуцін увёў ваеннае становішча на тэрыторыях гэтак званых ЛНР і ДНР, а таксама ў акупаваных Херсонскай і Запарожскай вобласцях у кастрычніку 2022 года. На месяц раней яны былі ўлучаныя ў склад Расейскай Федэрацыі па выніках «рэферэндумаў», вынікі якіх не былі прызнаныя абсалютнаю большасцю краінаў свету.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў