Газета «Народная Воля» – пад пагрозай закрыцця. Як дапамагчы выданню


Кіраўніцтва незалежнай беларускай газеты «Народная Воля» на месяц прыпыняе выданне PDF-версіі ў сувязі з надзвычай цяжкім фінансавым становішчам. Калі чытачы і спонсары не падтрымаюць выдання, яно можа спыніць сваю дзейнасць, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

«Шаноўныя прыхільнікі свабоднага слова! На жаль, абставіны склаліся такім чынам, што выданне газеты «Народная Воля» ў PDF-фармаце становіцца на месячную паўзу. Такая сітуацыя выкліканая надзвычай цяжкім фінансавым становішчам. Рэдакцыя не мае магчымасці пакрываць расходы па арэндзе памяшкання, тэхнічным абслугоўванні, выплаце заробкаў і падаткаў. Мы ў адным кроку ад закрыцця.

Каб гэта не здарылася, трэба набраць як мага болей падпісчыкаў на PDF-версію», – звяртаецца рэдакцыя выдання да сваіх чытачоў і прыхільнікаў.

Папярэдні выпуск PDF-версіі газеты падпісчыкі атрымалі 28 красавіка, але аўторкавага выпуску ўжо не будзе. Як надоўга зацягнецца паўза – залежыць цяпер ад актыўнасці чытачоў. Падпісацца на выданне можна на сайце belpressa.by. Кошт падпіскі амаль сімвалічны – 9 рублёў 48 капеек.

«Вядома ж, адначасова стаіць пытанне і аб вяртанні «Народнай Волі» ў друкарню, але гэта ўжо іншая размова. А пакуль асобна звяртаемся да тых, хто мае магчымасць праявіць адрасную дабрачыннасць», – гаворыцца ў звароце рэдактараў газеты.

Як дапамагчы «Народнай Волі»

Ёсць некалькі спосабаў пералічыць грашовыя сродкі на рэдакцыйны рахунак (рэквізіты ў расейскамоўным варыянце).

  • АРІП (ЕРИП): СМИ – Н (просто буква) – «Народная Воля» – Добровольные взносы.
  • Банкаўскі перавод: ИЧУП «Народная Воля». 220030 г. Минск, ул. Энгельса, 34а

    р/с BY08 PJCB 3012 0065 3510 0000 0933. Код PJCBBY2X, ЦБУ 113 «Приорбанк» ОАО, г. Минск. УНП 100961759.

У 2020 годзе «Народная Воля» разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданняў страціла магчымасць выходзіць у папяровым выглядзе – за асвятленне масавых акцыяў пратэсту Беларускі дом друку адмовіўся браць у працу макеты, а «Белпошта» выключыла газету са свайго падпіснога каталогу. Але рэдакцыя працягвала дастаўляць падпісчыкам праз электронную пошту PDF-версіі нумароў, паралельна працаваў сайт. 18 жніўня 2022 года ўлады заблакавалі сайт выдання. Напрыканцы снежня 2022 года з’явіўся загад за подпісам міністра інфармацыі, на падставе якога інтэрнэт-рэсурсу было афіцыйна дазволена вярнуцца ў медыйнае поле.

«Народная Воля» – незалежная беларуская грамадска-палітычная газета, заснаваная ў 1995 годзе Іосіфам Сярэдзічам пасля таго, як указам Аляксандра Лукашэнкі ён быў адхілены ад кіравання парламенцкай «Народнай газетай», заснавальнікам якой быў Вярхоўны Савет.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў