Экс-амбасадар у Нямеччыне: Мы выходзім на фініш, чвэрць дарогі да перамогі


Генетычны тып Расеі – не наш тып. Мы там знікнем, заявіў Пётра Садоўскі, экс-амбасадар Беларусі ў Нямеччыне ў інтэрв’ю Сяргею Пелясе. Пётра Садоўскі быў старшынём камісіі ў замежных справах Вярхоўнага Савету БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання, амбасадарам РБ у ФРГ. З пасады пасла яго адклікаў Аляксандр Лукашэнка пасля прыходу да ўлады. Дыпламат разважае пра міжнародную сітуацыю Беларусі: ці трэба адмовіцца ад расейскага вектару? Наколькі зменшылася за год колькасць людзей, якія б хацелі ўвайсці ў Расею? Якія цяпер шанцы ў беларусаў на дэмакратычную дзяржаву? Як Лукашэнка адрэагаваў на бел-чырвона-белыя палосы на мантыі мітрапаліта Філарэта?

Чаму, нягледзячы на досвед заходнееўрапейскай цывілізацыі, у Беларусі сярод усіх еўрапейскіх дзяржаваў найгоршая сітуацыя з правамі і дэмакратыяй?

Калі мы возьмем былыя азіяцкія рэспублікі, нават новы Азербайджан, Украіну, Малдову, мы пра іх шмат ведаем. І гаварыць, што Беларусь самая горшая? Не. Але калі браць апошнія паўгода, то, можа быць, так. Тут адна прычына. Ідэя шчаслівай сацыяльнай дзяржавы, заяўленая ў маніфесце Камуністычнай партыі, думка сацыяльнай роўнасці лягла на дзве розныя глебы – у Еўропе і ў нас. Калі ўзяць Швецыю, то там іншая этыка. Ёсць два ключавыя словы для Еўропы: роўнасць рэлігіі і цэркваў ды свабодны рынак. «Не перашкаджай рабіць». У нас застаўся таварыш Дзяржынскі.

Гледзячы на беларусаў з БЧБ, якія выходзяць на вуліцу, падаецца, што наш народ як ніколі блізкі да рэалізацыі ідэі дэмакратычнай дзяржавы. Як вы ацэньваеце нашыя шанцы на гэта?

На сёння зроблена максімальна і Ціханоўскай, і ейнымі памочнікамі, але на працягу двух-трох месяцаў наступае вельмі напружаная сітуацыя. І калі глядзець на сітуацыю з аднаго боку ды гаварыць пра блізкую перспектыву, калі нешта пачнецца на Данбасе і будзе клін паміж ЗША ды Расеяй, то дзе там Расеі да Беларусі? Гэта добра, але з другога боку, калі гэта не дай бог пачнецца, будзе нагода не толькі ўвесці надзвычайнае становішча ў Беларусі.

Hавiны
Вельмі важна, каб Захад зразумеў беларускі нацыянальны рух. Інтэрв’ю з былым амбасадарам у Нямеччыне
2020.12.12 16:05

Вы згадалі Святлану Ціханоўскую. Як вы ацэньваеце працу ейнага штабу на міжнароднай арэне і ключавых дарадцаў – Франка Вячоркі і Валера Кавалеўскага? Ці можа гэтая актыўнасць прывесці да рэальных пераменаў у Беларусі?

Калі па пяцібальнай сістэме, то я б ім паставіў 4 з плюсам. Не буду ацэньваць працы ўсіх структураў – і НАУ, і КР, і штабу Ціханоўскай. Яны працуюць выключна добра. Яны выдатна спрацавалі, яны разумеюць момант. Цяпер англасаксы, а не ЕЗ могуць адыграць вызначальную ролю. Яны цяпер канцэнтруюць сваю ўвагу на ЗША. Некалькі месяцаў – гэта той час, калі мы павінны затаіць дыханне. Не трэба саромецца паняцця, што Захад нам дапаможа.

Каманда Ціханоўскай часта падкрэслівае, што перамены ў Беларусі і выбар беларусаў – гэта не геапалітычны выбар паміж Захадам і Усходам. Як вы ацэньваеце гэтую стратэгію? Ці трэба лідарам дэмакратычных сілаў Беларусі адназначна заяўляць пра свае еўраатлантычныя амбіцыі ды патэнцыйны ўваход у ЕЗ і NATO?

Я дазволю сабе сказаць, што мы прайшлі 3/4 шляху. І калі ўсё пачыналася, можа быць, для захавання адзінства варта было не паказваць фарбы. Мы казалі, што мы не праеўрапейскія, не прарасейскія, мы прабеларускія. Але важна разумець цяпер, што генетычны тып Расеі – не наш тып. Мы для Расеі цяпер тэрыторыя для размяшчэння капіталу і папаўнення кваліфікаванымі людскімі рэсурсамі. Не болей за тое. Мы там знікнем. Гэта пачалі разумець шмат хто, і мы цяпер выходзім на фінішную прамую, прыблізна чвэрць дарогі да перамогі. Цяпер варта гаварыць: калі мы адмаўляемся ад маскоўскага вектару, мы павінны разумець, што малыя і сярэднія дзяржавы не могуць існаваць абсалютна нейтральна. Калі ў Еўропе ёсць краіны – не чальцы ЕЗ, яны такія толькі дзякуючы таму, што ёсць такая канструкцыя побач, як ЕЗ. Не трэба выкідаць думкі пра Інтэрмарыюм, балта-чарнаморскі абшар. Усякія адносіны могуць быць з ЕЗ. Трэба гаварыць пра нашыя каштоўнасці ўслых.

Як вы ацэньваеце тое, што робіць цяпер пуцінская Расея ў дачыненні Беларусі? Складваецца ўражанне, што яны спрабуюць выкарыстаць момант у сваіх інтарэсах. Яны, зрэшты, заўсёды так робяць, але цяпер для іх карысная сітуацыя. Лукашэнка аслаблены, пад шумок можна з ім нешта падпісаць і прасунуць свае інтарэсы, між іншым вайсковыя. Ужо вядзецца пра вайсковы цэнтр у Беларусі, набліжаюцца вучэнні «Захад-2021». А можа, наадварот, улічваючы такую хуткую дэмакратызацыю і абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў, ім не ўдасца зрэалізаваць сваіх планаў? Як вы ацэньваеце палітыку Расеі ў дачыненні Беларусі ў перыяд пратэстаў?

Я думаю, гэта такая подласць, якая была зробленая з Украінай. Украіна аслабленая, але яна не адзіная. Яны, што называецца, б’юць па галаве ззаду. Я ўжо казаў, што мы для іх – тэрыторыя, працоўная сіла, укладанне грошай і гэтак далей. Цяпер сімпатызантаў Расеі памалела. Але трэба дыферэнцыяваць, глядзець нашае насельніцтва, хто не хоча Расеі. У самой Расеі не ўсё добра. Там усё падзелена, ствараюцца новыя партыі. Нашыя людзі, думаю, будуць супраціўляцца.

Якія, на вашую думку, зʼявы, працэсы, постаці могуць паспрыяць беларусам у бліжэйшыя месяцы і гады, каб найменшымі стратамі змяніць палітычную сістэму і перайсці да пабудовы дэмакратычнай дзяржавы?

Трэба працаваць тут, у нашых структурах. Не толькі штабу Ціханоўскай, НАУ, трэба ўсім уключацца і руйнаваць сістэму, працаваць знутры. З замежжа мы зрабілі максімум. Трэба персаніфікаваць вонкавыя адносіны.

ВІДЭА
Шоу на касцях беларусаў. Ці пераможа Лукашэнка бел-чырвона-белы сцяг?
2021.03.26 12:50

Хачу спытаць пра спробы Лукашэнкі змагацца з бел-чырвона-белым сцягам, пра шоу ў Хатыні на касцях забітых нацыстамі беларусаў, ягонае згадванне Рыжскай дамовы. Ці пераможа Лукашэнка беларускі сцяг? Чаму ён гэта робіць?

Ён выдатна ўсё ведае. Як сусед мітрапаліта Філарэта ў Вярхоўным Савеце пісаў пра яго ўспаміны. Калі Лукашэнка ўпершыню ўбачыў на мантыі мітрапаліта бел-чырвона-белыя ліштвы, іх там аж чатыры, ён спытаў, што гэта за палосы. Той сказаў, што гэта пакутныя колеры Хрыста, якія ёсць на мантыях, гэта старая традыцыя. Лукашэнку тлумачылі, што Дуж-Душэўскі, калі маляваў сцяг, кіраваўся не толькі законнаю геральдыкаю і супастаўленнем колераў, у яго была яшчэ інфармацыя пра колеры Хрыста ў праваслаўнай традыцыі. Мітрапаліт Філарэт, дарэчы, быў накрыты мантыяй з бел-чырвона-белымі палосамі. Лукашэнка прыйшоў, я, здаецца, бачыў ягоныя здзіўленыя вочы, ён быў вельмі ўражаны, што не тым яго накрылі. Мітрапаліт Філарэт казаў, што гэта сатанінскі промысел – змаганне з колерамі Хрыста. Святатацтва, блюзнерства.

Поўная версія інтэрв’ю – у відэа вышэй.

Фота вокладкі: Беларускае радыё «Рацыя»

Стужка навінаў