Святлана Ціханоўская стэлефанавалася з кіраўніком «Ryanair». Пра што была размова


Святлана Ціханоўская і кіраўнік авіякампаніі «Ryanair» паразмаўлялі па тэлефоне. Падчас размовы абмеркавалі апошнюю інфармацыю па захопленым у траўні 2021 году беларускім рэжымам рэйсе, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега.

Святлана Ціханоўская і кіраўнік авіякампаніі «Ryanair» Майкл О’Ліры падчас сустрэчы ў Дубліне ў ліпені 2021 году.
Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская заклікала кіраўніка «Ryanair» Майкла О’Ліры публічна падтрымаць патрабаванні беларусаў працягнуць расследаванне інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта ў Менску.

Аб’ектыў
За авіяпірацтва беларускім чыноўнікам і сілавікам пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі
2022.01.21 22:01

Акрамя таго, быў абмеркаваны абвінаваўчы акт, высунуты ў ЗША супраць двух супрацоўнікаў КДБ і двух з «Белаэранавігацыі», якім інкрымінуецца змова з мэтай здзяйснення акту авіяпірацтва. О’Ліры пагадзіўся, што затрыманыя Пратасевіч і Сапега, як і ўсе зняволеныя паводле палітычных матываў, павінны быць вызваленыя.

На развітанне кіраўнік «Ryanair» выказаў падтрымку беларусам і сказаў, што хацеў бы запусціць рэйсы авіякампаніі ў новай Беларусі.

На бягучым тыдні Святлана Ціханоўская таксама накіравала ліст прэзідэнту Рады ІСАО, у якім заклікала:

– дадаць у даклад ІСАО інфармацыю пра тое, што рэжым наўмысна спрабаваў схаваць доказы, у тым ліку паказанні, прадстаўленыя польскім уладам Алегам Галегавым;

– перадаць прэзідэнту Рады Бяспекі ААН дапоўнены даклад для старту расследавання па гэтай справе, паколькі захоп самалёту стаў пагрозай міжнароднаму міру і бяспецы.

Таксама Ціханоўская звязалася з дэлегацыямі краінаў, якія ўваходзяць у Раду ІСАО, сярод якіх Бразілія, Вялікабрытанія, Германія, Гішпанія, Італія, Канада, Калумбія, Мексіка, Нігерыя, ЗША, Францыя, ПАР і іншыя. Гэтыя кансультацыя патрэбныя, каб 31 студзеня на дыскусіі Рады ІСАО яны выступілі за тое, каб накіраваць даклад старшыні Рады Бяспекі ААН.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў